Аб'яднанні наймальнікаў Віцебскай і Калужскай абласцей падтрымаюць кааперацыю прадпрыемстваў рэгіёнаў
19 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж аб'яднаннямі наймальнікаў Віцебскай і Калужскай абласцей дае магчымасць аказваць рэальную дапамогу прадпрыемствам у інвестыцыйнай дзейнасці і рэалізацыі супольных праектаў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў генеральны дырэктар Калужскага аб'яднання прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Сяргей Пацехін сёння пасля падпісання дакумента ў Віцебску.
Шэраг прадпрыемстваў беларускага і расійскага рэгіёнаў ужо супрацоўнічаюць у сферы энергазберажэння. Пагадненне дазволіць актывізаваць садзейнічанне бізнесменам рэгіёнаў у прамысловай кааперацыі, арганізаваць прававую дапамогу і юрыдычнае суправаджэнне інвестыцыйнай дзейнасці, а таксама падтрымку ў вырашэнні сацыяльных пытанняў. Акрамя таго, Калужскае аб'яднанне прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў мае намер акцэнтаваць увагу на рабоце па аб'яднанні навукова-тэхнічных патэнцыялаў рэгіёнаў і ініцыяваць супрацоўніцтва ў навуковай сферы. "У гэтым плане мы можам быць асабліва карысныя адзін аднаму", - лічыць Сяргей Пацехін.
Згодна з дакументам, аб'яднанні наймальнікаў беларускай і расійскай абласцей будуць садзейнічаць устанаўленню ўзаемавыгадных сувязяў паміж прадпрыемствамі і развіццю кааперацыі вытворчасці, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і гандлёва-эканамічных адносін. У сферы ўвагі аб'яднанняў будуць пытанні ўкаранення інавацыйных распрацовак і тэхналогій, удзел у рэалізацыі супольных праектаў і праграм, абмен вопытам. Пагадненне дазволіць стварыць аснову для аб'яднання патэнцыялаў арганізацый у вырашэнні праблемных пытанняў паміж прадпрыемствамі рэгіёнаў, арганізацыі дзелавых сустрэч і выставачных мерапрыемстваў. "Гэта дасць чарговы імпульс для развіцця дзелавых сувязяў паміж нашымі абласцямі", - падкрэсліў у ходзе цырымоніі старшыня Віцебскага абласнога саюза наймальнікаў Уладзімір Туравінаў.
Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве стала выніковай падзеяй супольнага пасяджэння савета Віцебскага абласнога саюза наймальнікаў і прэзідыума Смаленскага рэгіянальнага аб'яднання працадаўцаў "Навукова-прамысловы саюз". Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі перспектывы работы, узаемадзеяння і кааперацыі ва ўмовах Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама напрамкі ўдасканалення гандлёва-эканамічных сувязяў паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі.
У мерапрыемстве прымалі ўдзел больш за 60 чалавек, у тым ліку кіраўнікі бізнес-асацыяцый Віцебскай, Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай абласцей, дырэктары прадпрыемстваў беларускіх і расійскіх рэгіёнаў. У ходзе пасяджэння таксама было арганізавана знаёмства з вытворчасцю і перспектывамі развіцця адкрытага акцыянернага таварыства "Віцебскія дываны", на базе якога адбыліся дзелавыя зносіны прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў.-0-