Аб'яднаць людзей стваральнай ідэяй працы – 100-гадовы ветэран пра Першамай
У нядаўна адзначыўшага 100-гадовы юбілей Аляксандра Сямёнавіча Шванштэйна з Віцебска па-ранейшаму востры розум, ветэрана не пакідаюць аптымізм і прага да жыцця. І дапамагае яму ў гэтым любімая прафесія. Дагэтуль віцяблянін, які доўгія гады быў галоўным механікам у швейнай прамысловасці, рамантуе самую розную тэхніку. Напрыклад, месяц таму вярнуў у строй прынесеную яму дадому швейную машынку. Смяецца, што рукі памятаюць, а галава працуе, таму ён заўсёды любіў і ўмеў працаваць. Вярнуць былую славу Святу працы ў нашай краіне – вельмі правільнае рашэнне, лічыць Аляксандр Шванштэйн:
– Праца заўсёды аблагороджвае, задае правільны настрой, аб'ядноўвае людзей для стварэння, чагосьці добрага, патрэбнага, канструктыўнага. Колькі сябе памятаю, працаваў не пакладаючы рук. Спачатку галоўным механікам у швейнай арцелі «Перамога», пазней на другой швейнай фабрыцы (цяпер «Віцебчанка»), нарэшце аж да выхаду на пенсію ў ПТВ № 29. Вядома, удзельнічаў у першамайскіх дэманстрацыях, у памяці засталося, наколькі маштабна, масава яны праходзілі ў Віцебску. Асабіста для нашай сям'і ў святкаванні 1 Мая з'явіўся асабісты сэнс. У гэты дзень нарадзілася мая дачка Мая.