Аб'ём гуманітарнай дапамогі па лініі Чырвонага Крыжа ў Віцебскай вобласці ў студзені-кастрычніку склаў Br366,3 млн.

10 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) пры падтрымцы міжнародных арганізацый у студзені-кастрычніку 2009 года аказала гуманітарную дапамогу грамадзянам і лячэбна-прафілактычным установам вобласці на суму Br366,3 млн., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласной арганізацыі Галіна Жаланава. Асноўная частка гуманітарнай дапамогі была накіравана на аснашчэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбна-прафілактычных устаноў і бальніц сястрынскага догляду. Так, партнёрскія арганізацыі Нямецкага Чырвонага Крыжа прадаставілі функцыянальныя ложкі, мэблю, інвалідныя каляскі для Браслаўскай, Навалукомльскай раённых бальніц, абласнога дыягнастычнага цэнтра, радзільні №1 г.Віцебска і абласной стаматалагічнай паліклінікі. Гігіенічныя тавары на суму каля Br8,7 млн. накіравалі арганізацыі Швейцарскага Чырвонага Крыжа для 19 бальніц сястрынскага догляду, якія дзейнічаюць у вобласці. Па праграме "Гуманітарная дапамога ўразлівым" гарадскія і раённыя арганізацыі БТЧК перадалі харчовыя наборы на агульную суму Br43 млн., іх атрымальнікамі сталі амаль 600 малазабяспечаных і найбольш сацыяльна неабароненых жыхароў вобласці. Супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК з замежнымі партнёрамі будзе працягнута і ў 2010 годзе. Дамоўленасці аб пастаўцы функцыянальных ложкаў дасягнуты з калегамі з Чырвонага Крыжа горада Зіке (Германія). Такая дапамога будзе накіравана, у прыватнасці, на аснашчэнне хоспіса, які арганізаваны на базе Акцябрскай участковай бальніцы. Пры падтрымцы міжнародных арганізацый таксама працягнецца рэалізацыя праекта "Гуманітарная дапамога ўразлівым", дадала Галіна Жаланава.-0-