Аб'ём аказання бытавых паслуг на вёсцы штогод павялічваецца ў Віцебскай вобласці на 20%

9 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Штогод аб'ём аказання бытавых паслуг на вёсцы павялічваецца ў Віцебскай вобласці на 20%, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік установы "Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці" Паліна Судзілоўская. Работа сельскай службы побыту шмат у чым актывізавалася дзякуючы дзяржпраграме адраджэння і развіцця вёскі. За гады рэалізацыі праграмы ў вобласці адрамантавана 187 комплексных прыёмных пунктаў у аграгарадках, створаны працоўныя месцы для цырульнікаў, шаўцоў, швачак, набыты аўтамабілі для аказання паслуг у аддаленых вёсках. У райцэнтрах і аграгарадках сталі аказвацца новыя віды паслуг. Напрыклад, у Шуміліне, Дубровне, Аршанскім раёне адкрыліся аўтамайстэрні, расце запатрабаванасць паслуг па рамонце і будаўніцтве жылля, вытворчасці жалезабетонных вырабаў - кольцаў для калодзежаў, тратуарнай пліткі. Сярэднямесячны даход аднаго комплекснага прыёмнага пункта ў вобласці перавышае Br1,3 млн., а ў Шаркаўшчынскім, Расонскім раёнах складае больш Br2 млн. Папулярнасцю на вёсцы сталі карыстацца паслугі пракату. Па папярэдніх даных, у 2009 годзе ў параўнанні з 2008 годам яны выраслі ў 1,9 раза. Разам з традыцыйнымі тэлевізарамі і халадзільнікамі ў вёсцы напракат можна ўзяць бетонамяшалку, электраінструмент, газонакасілкі. У пунктах пракату вяскоўцы могуць скарыстацца пральнымі машынамі-аўтаматамі і нават спартыўнымі трэнажорамі. Бегавыя дарожкі, сілавыя і велатрэнажоры закуплены ў Браславе, Паставах і Богушэўску. Служба побыту Расон да пачатку турыстычнага сезона збіраецца адкрыць каля пункта пракату спецыяльную пляцоўку для заняткаў скейтбордам, ролікавымі канькамі. Па даных упраўлення бытавога абслугоўвання, тэмп росту аказання бытавых паслуг у 2009 годзе ў цэлым па вобласці склаў 114%. -0-