Аб'ём перавозак тавараў у зоне дзейнасці Віцебскай мытні ў 2010 годзе вырас на 22%

17 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Агульны аб'ём перавозак тавараў у зоне дзейнасці Віцебскай мытні ў 2010 годзе вырас на 22% у параўнанні з 2009 годам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мытні. Усяго ў мінулым годзе пункты мытнага афармлення рэарганізаванай Віцебскай мытні аформілі на экспарт амаль 83 тыс. партый тавараў - на 33% больш, чым у 2009 годзе. Імпартныя перавозкі павялічыліся на 10%. План паступлення даходаў у рэспубліканскі бюджэт Віцебская мытня выканала на 106,6%. З выкарыстаннем электронных дакументаў у 2010 годзе аформлена амаль 38% дэкларацый. Так, у электронным выглядзе аформлена каля 88% ад агульнай колькасці экспартных дэкларацый, больш за 25% усіх экспартных статыстычных дэкларацый і звыш 16% імпартных статыстычных дэкларацый. Актыўнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій дазволіла ў значнай ступені спрасціць узаемадзеянне мытных органаў і суб'ектаў гаспадарання, знізіць часавыя і фінансавыя выдаткі па ажыццяўленні мытнага кантролю і здзяйсненні мытных аперацый. Вынікам работы мытні ў гэтым напрамку стала тое, што найбуйнейшыя ўдзельнікі знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскай вобласці (ААТ "Нафтан", ААТ "Полацк-Шкловалакно", ААТ "Аршастройматэрыялы і інш.) прыступілі да рэгістрацыі статыстычных дэкларацый з выкарыстаннем электронных дакументаў. У 2010 годзе супрацоўнікамі мытні выяўлена каля 570 адміністрацыйных правапарушэнняў, канфіскавана незаконна перамешчаных тавараў і транспартных сродкаў на суму больш Br28 млрд., што на 14% больш, чым у 2009 годзе. З 1 студзеня 2010 года Віцебская мытня ажыццяўляе дзейнасць у маштабах усёй Віцебскай вобласці ў выніку рэарганізацыі Віцебскай і Полацкай мытняў у адзінае падраздзяленне ДМК. У зону аператыўнай дзейнасці Віцебскай мытні ўвайшлі Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Мёрскі, Полацкі, Расонскі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі і Пастаўскі раёны.-0-