Аб'ём прыцягнутых замежных інвестыцый у СЭЗ "Віцебск" у I паўгоддзі склаў $22,8 млн.
28 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аб'ём прыцягнутых замежных інвестыцый у СЭЗ "Віцебск" за студзень-чэрвень дасягнуў $22,8 млн. і перавысіў гадавое заданне на 3,8%. Прамыя інвестыцыйныя ўкладанні склалі амаль $11 млн. (84% гадавога задання), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ.
У першым паўгоддзі інвестыцыі ў асноўны капітал склалі звыш Br33 млрд., што больш чым у 2 разы перавышае паказчык аналагічнага перыяду 2008 года. Рэзідэнты СЭЗ уклалі ў будаўніцтва, рэканструкцыю вытворчых плошчаў і набыццё абсталявання больш Br31 млрд. Найбольшую актыўнасць праявілі СТАА "Газхімекспарт", СП "Дэкора Іст" і ААТ "Віцебскія дываны", на якія прыпадае каля 66% агульнага аб'ёму інвестыцый у асноўны капітал па выніках першага паўгоддзя. На развіццё інфраструктуры СЭЗ "Віцебск" было асвоена амаль Br2 млрд., выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2009 год.
Аб'ём вытворчасці прадукцыі прадпрыемствамі-рэзідэнтамі склаў каля Br280 млрд., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі - 15,7%. За першае паўгоддзе рэзідэнты СЭЗ стварылі 144 працоўныя месцы, што перавышае гадавое заданне ў 2,5 раза. Сярэднямесячная зарплата на прадпрыемствах-рэзідэнтах складае звыш Br700 тыс., або 112% да аналагічнага перыяду мінулага года. Рэзідэнтамі СЭЗ выплачана падаткаў у бюджэт і пазабюджэтныя фонды ў суме амаль Br31 млрд., што на 18,8% больш, чым за студзень-чэрвень 2008 года.
СЭЗ "Віцебск" утворана 4 жніўня 1999 года. У цяперашні час у СЭЗ ажыццяўляюць дзейнасць 34 рэзідэнты, два з іх зарэгістраваны ў 2009 годзе. Сярэдне-спісачная колькасць працуючых на прадпрыемствах перавышае 8 тыс. чалавек. Прадпрыемствы-рэзідэнты выпускаюць прадукцыю паліўнай, хімічнай, лёгкай прамысловасці, машынабудавання, асвоілі вытворчасць прадуктаў харчавання і займаюцца навуковымі распрацоўкамі. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс.га.-0-