Аб'ём будаўніцтва жылля ў Віцебску ў 2010 годзе плануецца павялічыць амаль удвая да 400 тыс. кв. м

22 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аб'ём будаўніцтва жылля ў Віцебску ў 2010 годзе неабходна павялічыць амаль удвая, паведаміў першы намеснік старшыні гарвыканкама Уладзімір Каташук сёння на сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. За апошнія восем гадоў аб'ём будаўніцтва жылля ў абласным цэнтры фактычна патроіўся, падкрэсліў Уладзімір Каташук. Паводле яго слоў, у 2009 годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю больш за 210 тыс. кв. м жылля, а ў будучым годзе давесці аб'ём будаўніцтва да 400 тыс. кв. м, гэта значыць пабудаваць 58 шматпавярховых жылых дамоў і дамоў індывідуальнай забудовы. Для выканання пастаўленых мэт у Віцебску вызначаны зямельныя ўчасткі пад перспектыўную масавую забудову, а таксама каля 40 участкаў для будаўніцтва дамоў у існуючай забудове. Распрацавана каля 70% праектна-каштарыснай дакументацыі жыллёвай праграмы 2010 года, а да кастрычніка праектныя арганізацыі павінны завяршыць гэту працу. Таксама вядзецца размяркоўванне кватэр у будучых новабудоўлях, на сённяшні дзень вызначаны навасёлы кватэр у 23 дамах, будаўніцтва якіх плануецца ў 2010 годзе. Асноўнымі пляцоўкамі для ўзвядзення жылля ў Віцебску з'яўляюцца мікрараёны Білева-2, Білева-3 і Лучоса з сумарным аб'ёмам будаўніцтва каля 700 тыс. кв. м агульнай жылой плошчы. Жылыя дамы будуць будавацца на базе мадэрнізаванай серыі дамоў КПД 111-108, іншых канструктыўных сістэм на аснове маналітных і зборных каркасаў, а таксама з цэглы і газасілікатных блокаў. Асаблівую ўвагу гарадскія ўлады маюць намер надаваць комплекснай забудове жылых мікрараёнаў з адначасовым узвядзеннем аб'ектаў сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння. Для гэтага плануецца актыўна прыцягваць патэнцыйных інвестараў, выстаўляючы на аўкцыёны зямельныя ўчасткі пад такія аб'екты. У абласным цэнтры неабходна актывізаваць індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Пакуль жа ўдзельная вага індывідуальных жылых дамоў складае каля 10% ад агульнага аб'ёму будаўніцтва жылля, а ў гарвыканкаме на разглядзе знаходзіцца больш за 300 зваротаў грамадзян аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад індывідуальную забудову. У студзені-жніўні ў Віцебску ўведзена ў эксплуатацыю 115 тыс. кв. м жылой плошчы. На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзіцца каля 29 тыс. чалавек.-0-