Аб'ём паслуг суб'ектаў аграэкатурызму Віцебскай вобласці ў 2010 годзе вырас на 80%

4 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аб'ём паслуг суб'ектаў аграэкатурызму Віцебскай вобласці, аказаных у 2010 годзе, вырас у параўнанні з 2009 годам на 80% да Br1,8 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Аграэкасядзібы Віцебскай вобласці ў 2010 годзе наведалі звыш 13 тыс. айчынных і замежных турыстаў, агульная колькасць падарожнікаў вырасла ў 1,6 раза. Паслугамі сельскіх сядзіб скарысталіся прадстаўнікі 27 краін свету, пры гэтым колькасць замежных аматараў адпачынку на прыродзе павялічылася ў 1,7 раза ў параўнанні з 2009 годам і склала амаль 2 тыс. чалавек. Усяго ў вобласці зарэгістравана 320 суб'ектаў аграэкатурызму, у тым ліку 311 фізічных асоб і 9 сялянска-фермерскіх гаспадарак. За 2010 год іх колькасць вырасла на 17,2%, а колькасць заключаных дагавораў на абслугоўванне турыстаў павялічылася ў 1,6 раза і перавысіла 3,5 тыс. Гэты від дзейнасці развіваецца ў 20 раёнах вобласці.-0-