Аб'ём жыллёвага будаўніцтва ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе дасягне 750 тыс.кв.м
7 снежня, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебская вобласць у 2010 годзе мае намер павялічыць аб'ём жыллёвага будаўніцтва да 750 тыс.кв.м, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоль Дзіулін.
Па яго словах, запланаваны аб'ём жыллёвага будаўніцтва на 30 тыс.кв.м больш, чым прагназавалася раней. У Віцебску асноўныя работы разгорнуцца ў новым мікрараёне Білева-2. Тут прадугледжваецца ўзвесці больш за 4,6 тыс. кватэр агульнай плошчай 290 тыс.кв.м, дзякуючы чаму новасёламі могуць стаць амаль 12 тыс. чалавек.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, праводзячы пасяджэнне рабочага штаба ў мікрараёне Білева, падкрэсліў, што перад будаўнікамі стаяць задачы паляпшаць якасць здаваемага жылля і змяншаць кошт будаўніцтва. На думку губернатара, магчымасці для гэтага ёсць. "Неабходна правільная арганізацыя работ і скарачэнне тэрмінаў будаўніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Па дадзеных за студзень-лістапад бягучага года, у вобласці ўведзена ў строй 540 тыс.кв.м жылля пры гадавым заданні 600 тыс.кв.м.-0-