Абвешчаны рэспубліканскі конкурс «Лепшы горад і вобласць для бізнесу Беларусі-2013»
Конкурс праводзіцца Саюзам юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» сумесна з рэгіянальнымі бізнес-асацыяцыямі пры падтрымцы Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Упершыню ён быў праведзены ў 2008 годзе. З кожным годам колькасць удзельнікаў становіцца ўсё больш, але пакуль далёка не ўсе рэгіёны падаюць заяўкі. У 2012 годзе іх было больш за 70, у цяперашнім арганізатары заклікаюць да большай актыўнасці адміністрацыі і выканкамы.
Выяўляць пераможцаў будуць у два этапы: спачатку ў абласцях, а затым у рэспубліканскім фінале. Вызначаны чатыры намінацыі: лепшы горад (рэгіён) з насельніцтвам менш за 50 тысяч чалавек, больш за 50 тысяч, лепшая вобласць для бізнесу, а таксама раён Мінска. Сярод асноўных крытэрыяў, якія будзе ўлічваць пры падвядзенні вынікаў журы, якое складаецца з экспертаў, прафесараў і аналітыкаў, – доля ІП і малых прадпрыемстваў у рэгіёне на 1000 чалавек, аб'ёмы вытворчасці, выплачаных падаткаў, інвестыцый і экспарту, якасць разгляду пытанняў бізнес-супольнасці на пасяджэннях выканкамаў і сесіях мясцовых Саветаў дэпутатаў.
– Станоўчыя вынікі конкурсу бачныя на прыкладзе Полацка, які стаў пераможцам
конкурсу ў 2011 годзе. Да яго праявілі цікавасць бізнесмены і інвестары з розных краін. Гэта і ёсць наша мэта, – адзначыў старшыня Прэзідыума Саюза юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Уладзімір Карягін.
Пераможцамі па выніках 2012 года прызнаны Нараўлянскі раён, Маладзечна, Фрунзенскі раён Мінска і Гомельская вобласць. Пра тое, хто стварыў лепшыя ўмовы для развіцця бізнесу, ад якога шмат у чым залежыць эканоміка рэгіёну ў цэлым, даведаемся ў чэрвені.
Вольга МАСЛОЎСКАЯ. «Віцебскі рабочы»