Абкам прафсаюза АПК правёў турзлёт аграрыяў у Пастаўскім раёне
– Сёлета нас дождж толькі цешыць, – сцвярджалі ўдзельнікі абласнога турзлёту аграрыяў, які абкам галіновага прафсаюза правёў на Пастаўшчыне. – Няхай лье яшчэ мацней, зямля просіць вільгаці. Адпачнем ад спёкі і мы, а калі стане прахалодна, сагрэемся ў спартыўных баталіях ці каля вогнішча.
Трэба адразу сказаць, што намётавы гарадок быў уладкаваны з максімальнымі выгодамі – у сённяшняга турыста ёсць для гэтага шырокія магчымасці. Полацкі КХП разгарнуў ля дарогі паходную кухню, і ўжо раннім ранкам першага дня злёту яго каманда снядала кашай, блінамі, а да абеду былі гатовыя юшка, каўбасы, зацяплілася мяса…
– Летась былі пятымі, – расказалі полачане. – Цяпер ставім задачу, калі не выйграць, то трапіць у тройку наймацнейшых.
Праўда, дамагчыся гэтага было няпроста. Турзлёт сабраў 19 каманд: 10 даслалі раёны і 9 – перапрацоўваючыя прадпрыемствы. Кожны спадзяваўся на лідэрства ў агульным заліку ці ў пэўных відах спаборніцтваў. Праграма прадугледжвала турніры па міні-футболе і пляжным валейболе, дартсе, падняцці гіры і перацягванні каната, паласу перашкод, творчыя конкурсы…
Нягледзячы на дождж, то цішэйшы, то мацнейшы, на пляцоўцы спартыўна-турысцкага комплексу «Азёркі» выстраілася некалькі соцень чалавек. Удзельнікаў прывіталі старшыня абкама прафсаюза Віктар Гутара, старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік і начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч. Усе жадалі камандам удачы. «Няхай пераможа дружба!» – гучала ў выступленнях. Без дружбы аграрыям ніяк. Яна звязвае калектывы ў інтэграцыйных структурах, аб'ядноўвае вытворцаў сельгаспрадукцыі і яе перапрацоўшчыкаў, ратуе ў перыяд гарачых пасяўных і ўборачных кампаній. Таму і паядынкі на пляцоўках праходзілі хоць з азартам, але адначасова і з павагай да суперніка. Гэтага патрабавала гульня на мокрым і таму слізкім пакрыцці футбольнага поля, пераадоленне паласы перашкод, на якой, здаралася, неабходна была дапамога члену чужой каманды.
Наймоцнымі сярод раёнаў аказаліся пастаўскія футбалісты, сярод перапрацоўчай прамысловасці – прадстаўнікі Віцебскага мясакамбіната.
Шумна праходзілі валейбольныя баталіі, напружанай была атмасфера вакол пляцоўкі для дартса. У перацягванні каната самымі моцнымі аказаліся аршанцы.
У камандным заліку па суме вынікаў перамога дасталася Полацкаму МКК. Другое месца занялі аршанцы, трэцяе – Лепельскі МКК.
Раз'язджацца па дамах каманды не спяшаліся. Развітваліся з даўнімі і новымі знаёмымі (такі турзлёт абкам прафсаюза праводзіў другі раз), дзякавалі арганізатарам за магчымасць для карыснага адпачынку, а гаспадарам-пастаўчанам і ў прыватнасці райкаму прафсаюза і яго старшыні Аляксею Філімонаву – за выдатныя ўмовы для сустрэчы сяброў.