Уладальнікам Br2 млрд. у беларускай латарэі аказаўся расеец

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладальнікам рэкорднaга джэкпота ў гісторыі беларускіх латарэй, які склаў Br2 млрд., аказаўся грамадзянін Расіі Мікалай Церавейнін. Пра гэта паведаміла сёння журналістам начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства спорту і турызму Марына Падліпская, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сям'я пераможцы рэкорднaга джэкпота прыехала ў Беларусь паўтара года таму, каб наведаць магілу бацькоў. У рэспубліцы ім спадабалася, таму неўзабаве яны атрымалі від на жыхарства, пасяліўшыся ў Міёрскім раёне. У цяперашні час шчаслівы ўладальнік важкaга грашовага прыза знаходзіцца на пенсіі, а да гэтага працаваў лесасекам. Шчасліўчык ахвяраваў на дабрачынныя мэты 2% ад свайго выйгрышу. Так, Br20 млн. ён перадаў Пераброцкай дзяржаўнай агульнаадукацыйнай сярэдняй школе-сад і па Br10 млн. – Дзісненскаму дзіцячаму саду і Пераброцкай царкве. Па словах прадстаўнікоў латарэйнага бізнесу, тыражы беларускіх латарэй за апошні час зніжаюцца. Гэта можна патлумачыць тым, што ў краіне сфарміравалася кола людзей, якія пастаянна гуляюць у латарэі, а прыцягненне новых гульцоў адбываецца павольна. Латарэйны бізнес у Беларусі рэгулюецца ўказам Прэзідэнта "Аб латарэйнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Згодна з дакументам, ад 45% да 50% ад выручаных пры продажы латарэйных білетаў сродкаў ідзе на фарміраванне прызавога фонду, 35% – на падаткі, частка з якіх накіравана на падтрымку фізічнай культуры і спорту, і 15-20% – на патрэбы прадпрыемства-арганізатара латарэй. -0-