Уладальнікам Кубка Федэрацыі біятлона стала зборная Віцебскай вобласці
Гэты тур падвёў рысу пад першым сезонам новых рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод юнакоў і дзяўчат «Кубак Беларускай федэрацыі біятлона». На працягу трох этапаў у Наваполацку больш за 150 юных біятланістаў з усіх рэгіёнаў краіны змагаліся за званне лепшых у асабістым і камандным заліках. Яны выходзілі на старт у гонках з масавым стартам, спрынце і змешаных эстафетах. Фінальны этап сабраў у Раўбічах лепшых прадстаўнікоў каманд Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, горада Мінска і Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, якое прадстаўлялі выхаванцы эксперыментальнай групы. Таксама на старт выйшлі і ўдзельнікі з-за мяжы — у кожнай узроставай катэгорыі спаборнічалі біятланісты з каманды Маскоўскай вобласці.
— Гонка прайшла выдатна. Карына Ануфрыенка перадала мне эстафету з вялікім адрывам. На двух агнявых рубяжах закрыла ўсе мішэні, выкарыстала толькі адзін дадатковы патрон. На стойцы патраціла крыху больш часу, выцэлівала мішэнь, каб пазбегнуць штрафнога круга. Таксама паспяхова прайшлі дыстанцыю нашы хлопцы — Арцём Крыленка і Кірыл Сяўрукоў, — адзначыла прадстаўніца каманды Віцебскай вобласці 2001-2002 гадоў нараджэння Юлія Кавалеўская.
Па выніках мас-старту і гонак у змешаных эстафетах перамогу святкавалі прадстаўнікі Віцебшчыны. Кубак адправіўся ў абласны цэнтр да наступнага турніру — трафей з'яўляецца пераходным. Акрамя таго, лепшыя біятланісты са старэйшай групы папоўняць юніёрскую зборную і адправяцца ўжо праз тыдзень на юніёрскі чэмпіянат свету ў Эстонію.
"Віцьбічы". Фота БФБ.