Уладальнікам першай прэміі IFMC-2023 стаў Цэнтр сучаснай харэаграфіі Надзеі Кашкан з Мінска

Обладателем первой премии IFMC-2023 стал Центр современной хореографии Надежды Кашкан из Минска
Завяршэнне XXXIV Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі пачалося з цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу. У фінал выйшлі 14 работ калектываў з Мінска, Віцебска, Гомеля і Магілёва. Прычым, шэсць з іх прадстаўлялі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Як адзначыў старшыня журы, балетмайстар-рэпетытар па балеце Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Канстанцін Кузняцоў, які не першы раз ацэньвае працы беларускіх харэографаў і танцораў, узровень конкурсантаў расце, прасочваецца тэндэнцыя да ўскладнення харэаграфіі.

– У параўнанні з папярэднімі гадамі вырас як выканальніцкі, так і ўзровень танцоўшчыкаў. Відаць, што ідзе планавая праца, закладваецца база ў падрыхтоўку танцоўшчыкаў. Ранейшая рэфлексія, калі на сцэне ўсё павольна, сумна, задуменна, на мой погляд, паступова сыходзіць на нішто. Гэта зразумела – час паскараецца.

Гледач стамляецца глядзець доўгія працы, якія працягваюцца бясконца і без усплёскаў. Век мабільных тэлефонаў, хуткаснага інтэрнэту дыктуе свае правілы, тэндэнцыя ідзе на паскарэнне. Мы назіралі больш жорсткія рытмы, часта экстрэмальную тэхніку, хоць яна не самамэта, а інструмент. І гэта выдатна! – падкрэсліў Канстанцін Кузняцоў, які ўручыў першую прэмію Цэнтру сучаснай харэаграфіі Надзеі Кашкан з Мінска.

Надзея сем гадоў займаецца танцам модерн, пяць гадоў таму стварыла свой калектыў, які атрымліваў вышэйшыя ўзнагароды сусветных і еўрапейскіх танцавальных чэмпіянатаў.

– Але гэта былі малыя формы, за вялікую ўзялася ўпершыню. Пастаноўка «Локсар» – гісторыя дзяўчыны з дысацыятыўным расстройствам. На жаль, грамадства больш увагі звяртае на фізічныя недахопы, а не душэўныя. Мы хацелі акцэнтаваць на гэтым увагу, перадаць складаны ўнутраны свет дзяўчыны па імені Локсар. Для мяне гэта дэбют на IFMC. Шчаслівая, што ён так высока ацэнены, – падзялілася Надзея.

Другое месца прысуджана сумесным праекце Юліі Касабуцкай і Марыі Ізмер з Мінска за кампазіцыю «Пасля» (харэограф Вольга Лабоўкіна). Трэцяе – праекту таксама мінчаніна Паўла Лунцэвіча за пастаноўку «Вояджэр-1».

Уладальнікам прэміі імя Яўгена Панфілава стаў Дзмітрый Беззубенка. Журы высока ацаніла яго працу «Сазлучэнне» ў выкананні танцораў майстэрні сучаснага танца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Спецпрэміі ўручаны праектам Марыі Ісакавай Hands з Гомеля за пастаноўку «Нагоры» і Юліі Суляк (Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў) за кампазіцыю «Пераасэнсаванне».

Свае прызы ўручылі генеральны спонсар фестывалю – кампанія «Белвест» і дырэкцыя IFMC. Іх уладальнікамі сталі мінскія танцавальная кампанія «Каля 30-ці» і праект Сабіны Мазгавой.

Гледачы змаглі ўбачыць нумары пераможцаў і прызёраў на гала-канцэрце закрыцця форуму.

Захватываючым фінальным акордам IFMC-23 стала выступленне любімца віцебскай публікі – Пермскага тэатра «Балет Яўгена Панфілава». Труппа прывезла спектакль са свайго залатога фонду – «Рамэо і Джульета» па аднайменным творы Шэкспіра. Яго прэм'ера адбылася ў лістападзе 1996 года. Ідэю, харэаграфію, пастаноўку, сцэнаграфію, касцюмы стварыў Яўген Панфілаў.

Балет больш за дваццаць гадоў таму быў паказаны на віцебскай сцэне, і сам харэограф танцаваў у ім Няню. Цяперашняя пастаноўка, узнаўленая трупай, стала знакам памяці таленавітаму харэографу і падарункам фестывалю.