Уладальнікі электронных білетаў на канцэрты «Славянскага базару» будуць праходзіць праз асобны ўваход
19 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Асобны ўваход для гледачоў з электроннымі білетамі будзе арганізаваны на мерапрыемствы фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў Летнім амфітэатры. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На асобным уваходзе будзе ўстаноўлена абсталяванне, якое дазваляе прачытаць унікальны штрых-код з раздрукаванага электроннага білета і такім чынам устанавіць сапраўднасць яго пакупкі. Варта асабліва адзначыць, што пры ўваходзе на канцэрт сапраўдным лічыцца першы паказаны білет. У любых іншых спробах прайсці на мерапрыемства па ўжо прасканаваным білеце будзе адмоўлена.
Паводле даных прадстаўнікоў кампаніі СААА "Цікетпро", якая з'яўляецца першым і адзіным рэалізатарам білетаў на мерапрыемствы "Славянскага базару" праз Інтэрнэт, на 10 гадзін раніцы 19 мая з дапамогай сусветнай сеткі за тыдзень продажаў было рэалізавана 2115 білетаў на канцэрты ў Летнім амфітэатры, яшчэ 2184 білеты заброніравана. Каля 11% рэалізацыі складаюць электронныя білеты. Кампанія ўжо ажыццявіла 29 міжнародных паставак білетаў.
Рэалізацыя білетаў праз Інтэрнэт дазваляе правесці аналіз не толькі гледацкіх пераваг, але і даведацца, дзе купляюцца білеты. Напрыклад, на канцэрт арт-групы "Хор Турецкага" 47% пакупак здзейснілі жыхары Мінскай вобласці, 42% - жыхары Віцебскай вобласці, 7% - расіяне. А вось на Валерыя Меладзэ 14% продажаў прыйшлося ў Расію, Украіну, Літву. Білеты на канцэрт Вячаслава Дабрыніна з дапамогай Інтэрнэту замовілі жыхары райцэнтра Ушачы.
На думку Радзівона Баса, продаж праз Інтэрнэт дазваляе пашырыць магчымасці для гледачоў і даць магчымасць прыхільнікам з розных куткоў краіны і нават свету купіць білет на выступленне свайго любімага выканаўцы.
XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 14 ліпеня 2011 года. Як чакаецца, у ім возьмуць удзел прадстаўнікі 27 дзяржаў.-0-