Абласная ёлка ў Віцебску сабрала 950 адораных дзяцей паўночнага рэгіёну

Областная елка в Витебске собрала 950 одаренных ребят северного региона
Па добрай традыцыі абласное дабрачыннае навагодняе свята ў Віцебску сабрала 27 снежня ў канцэртнай зале «Віцебск» таленавітых і адораных дзяцей з усяго паўночнага рэгіёну. Яны годна прадстаўлялі Віцебшчыну на прадметных алімпіядах, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях, спартыўных спаборніцтвах.

Для ўдзельнікаў арганізавалі працу гульнявых і навагодніх пляцовак, фотазон, забаўляльных лакацый, майстар-класаў. «Настрой – супер!» – падзялілася Сафія Зверуго са школы № 3 Пастаў. І дадала:

– На абласную ёлку я другі раз, першы быў у пятым класе. Ехалі сюды каля чатырох гадзін, але яно таго варта! Тут весела, шумна, мне вельмі падабаецца. Вучуся ў мастацкай школе і пад Новы год пажадаю шчасця, здароўя, дабра родным, сябрам і блізкім, а сабе – каб мае працы трапілі на выставу. Мару стаць архітэктарам, таму ёсць куды расці і імкнуцца.

Пятикласнік Віктар Бандароў з Лёзна ўпершыню на абласной ёлцы. Хлопчык дэманструе поспехі не толькі ў вучобе, але і ў творчасці. Напрыклад, спевы дапамаглі Віцю ўзяць галоўны прыз на раённым фестывалі дзіцячай творчасці «Вясёлка талентаў». Яшчэ школьнік захапляецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і разводзіць трусоў:

– Ад надыходзячага года Дракона чакаю поспеху, натхнення, выканання надзей. А самае галоўнае, што загадаю пад бой курантаў, – хай усе будуць здаровыя!

 

Юныя ўдзельнікі абласнога мерапрыемства сталі сведкамі займальных падзей з навагодняга мюзікла-прыгоды «Алмаз ведаў», змаглі зрабіць селфі ля шматлікіх фотазон і, вядома, падзарадзіцца асаблівай перадсвяточнай атмасферай.

З святам усіх шчыра павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін:

– Па ініцыятыве Прэзідэнта нашай краіны праходзіць традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», каб ні адно дзіця не засталося па-за ўвагай і выканання навагодняга жадання. Дарагія дзеці, не сумняваюся, што ў мінулым годзе вы даведаліся шмат новага і цікавага, добра вучыліся, здзяйснялі добрыя ўчынкі і карысныя справы, а бацькі і педагогі ва ўсім падтрымлівалі вас і радаваліся вашым поспехам. Кожны з вас імкнуўся ўнесці пасільны ўклад у развіццё і росквіт роднай Віцебшчыны, і вашы заслугі – таму пацвярджэнне. У гэтыя святочныя дні ўсе мы верым у лепшае. Упэўнены, што надыходзячы 2024 год адкрые новыя магчымасці і перспектывы. Здароўя, міру, дабра, дабрабыту і выканання самых запаветных жаданняў!

 

Каб дзеці і моладзь маглі развіваць свае здольнасці і таленты, рэалізоўваць ініцыятывы і праекты, у рэгіёне робіцца нямала. Да прыкладу, у 2023-м уведзены ў эксплуатацыю два дзіцячыя сады ў Полацку і Мёрах, чарговая ў вобласці «Школа будучыні» у Шаркаўшчыне, арганізаваны адукацыйны працэс у абноўленых будынках Полацкага кадэцкага вучылішча… Завяршаецца будаўніцтва дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Полацку, дзіцячага садка, сумяшчанага з блокам пачатковых класаў, у мікрараёне Білева-3 Віцебска. Пачата будаўніцтва дзіцячых садкоў у Лепелі і Наваполацку, распрацаваны праекты такіх жа ўстаноў для Оршы і Віцебска. І гэта далёка не поўны пералік зробленага і запланаванага на перспектыву. 

ЛІЧБЫ

На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы Віцебскай вобласці заваявалі 111 дыпломаў, у тым ліку 28 – першай ступені, 32 дыпломы – другой і 51 дыплом – трэцяй. На заключным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў прадстаўнікоў паўночнага рэгіёну – 16 дыпломаў. Пераможцамі алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і рускай літаратуры «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць» сталі шэсць навучэнцаў вобласці, XVIII Міжнароднай Жаутыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы (Казахстан) – 16 рабят з Віцебшчыны… Навучэнцы годна прадставілі родны рэгіён і на 12-й Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат, 19-й Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе, 64-й Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы...