Абласная патрыятычная акцыя «Дарогамі спаленых вёсак» прайшла ў мемарыяльным комплексе «Шунеўка» Докшыцкага раёна

Областная патриотическая акция «Дорогами сожженных деревень» прошла в мемориальном комплексе «Шуневка» Докшицкого района
У мемарыяльным комплексе «Шунеўка» Докшыцкага раёна на досвітку прайшла абласная патрыятычная акцыя «Дарогамі спаленых вёсак». Яе арганізатарам выступіў Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, удзел прынялі аўтаклубы вобласці.

Над лесам, які прачынаўся, эхам разносіліся гукі метронома, прамяні ўзыходзячага сонца адбіваліся ў запаленых свечках памяці, спецыяльна створаныя, унікальныя карты раёнаў вобласці з назвамі спаленых вёсак нагадвалі сцягі.

Акцыя пачалася роўна а 4 гадзіне раніцы, у памяць аб тым страшным чэрвеньскім досвітку 80-гадовай даўніны. Ранічную цішыню абудзіла залівістае спяванне пеўня, свіст навостранай касы і аўтаматная чарга фашысцкіх захопнікаў, якія прыйшлі ў вёску. Усё гэта – элементы тэатралізаванай рэканструкцыі страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны. 22 мая 1943 года ў рамках карнай аперацыі «Котбус» нямецка-фашысцкія захопнікі здзейснілі жорстокае злачынства. Вёска Шунеўка была спалена, загінула 66 мірных жыхароў, сярод іх – 15 дзетак ва ўзросце да 6 гадоў.

– У гады вайны на алтар перамогі былі прынесены дзясяткі населеных пунктаў Докшыцкага раёна, вёскі Азарцы, Залатухі і Шунеўка так і не былі адноўлены. Мемарыяльны комплекс «Шунеўка» – сімвал мужнасці, гераізму, ахвярнасці землякоў, – адзначыла намеснік старшыні Докшыцкага райвыканкама Аксана Палачаніна, звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі. – Усяго ж на тэрыторыі Віцебшчыны бяззваротна знікла больш за 160 населеных пунктаў, тысячы абеліскаў, мемарыялаў і брацкіх магіл сведчаць аб трагічных падзеях мінулай вайны. І сёння наша асноўная задача – беражліва захоўваць, перадаваць з пакалення ў пакаленне гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, не дазволіць перапісаць яе старонкі, не дапусціць спроб гераізацыі нацызму, выхоўваць наступныя пакаленні на прыкладзе гераізму дзядоў і прадзедаў.

Аксана Эдуардаўна падзякавала ўсіх, хто прыняў удзел у такой важнай патрыятычнай акцыі. Складзеныя карты адгэтуль будуць захоўвацца ў Бегамльскім музеі народнай славы, філіялам якога і з'яўляецца «Шунеўка».

– На ўваходзе ў мемарыяльны комплекс напісаны словы «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Як часта мы чуем і вымаўляем іх, часам, не ўдумваючыся ў іх глыбокі сэнс, – падкрэсліла дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. – Памяць – гэта не толькі словы, але, перш за ўсё, нашы ўчынкі. Удзел у патрыятычнай акцыі – важны ўчынак. Ведаю, што ў многіх раёнах прайшлі мітынгі на месцах спаленых вёсак, была праведзена каласальная даследчая праца па гэтай тэме. Дзякуй усім за старанне. Пакуль мы здзяйсняем такія ўчынкі, памяць пра вайну будзе жыць у нашых сэрцах.

Удзельнікі акцыі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, запалілі свечкі памяці, многія з якіх былі стылізаваныя на тэму вайны. Таксама кожны адламаў кавалачак хлеба Памяці, які сімвалізуе сувязь паміж загінулымі ў гады вайны і жывымі.

Фота Дзіяны БЕРНІКОВІЧ.