Абласная ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца. Паўночны рэгіён» праходзіць у Віцебску

Областная военно-патриотическая игра «Зарница. Северный регион» проходит в Витебске
Страявая падрыхтоўка, кіданне гранат, ваенізаваная эстафета – больш за 100 членаў Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП) і ўдзельнікаў патрыятычных клубаў сабрала абласная ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца. Паўночны рэгіён» на базе 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

– Маладзёжныя атрады аховы правапарадку аб’ядноўваюць больш за 1000 юнакоў і дзяўчат па ўсёй вобласці. На «Зарніцу. Паўночны рэгіён» прыехалі хлопцы з Дуброўна, Оршы, Лепеля, Полацка, Сянна, устаноў адукацыі вобласці. У першую чаргу гульня накіравана на фарміраванне пачуцця патрыятызму ў хлопцаў. З снежня мінулага года мы рэалізавалі абласную адукацыйную праграму для МААП, дзе на працягу паўгода хлопцы навучаліся навыкам самаабароны, аказання медыцынскай дапамогі. Для іх праводзіліся майстар-класы і практычныя заняткі на базе РАУС, УУС, МНС, АМАП. Выніковая мэта – даць зразумець, наколькі важна сёння быць грамадзянінам сваёй краіны, – падкрэсліў першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Бабічаў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая адзначыла, што ваенна-патрыятычная гульня, якая ў СССР упершыню прайшла ў 1967 годзе і была абвешчана Усесаюзнай, паспяхова аднавілася ў Прыдзвінскім краі.

– З упэўненасцю можна сказаць, што кожная каманда пакажа свае лепшыя якасці, спартыўную спрытнасць, камандны дух. «Зарніца» дае масу эмоцый і вучыць галоўнаму – любіць і абараняць нашу Радзіму, – дадала Марына Новіцкая.

– Выхаванне патрыёта – гэта складаны і шматгранды працэс, які пачынаецца з ранняга дзяцінства і суправаджае чалавека ўсё жыццё. Каб стаць абаронцам Радзімы, да гэтага трэба рыхтавацца, прайсці школу мужнасці. Наша задача – замацаваць веды і навыкі ў фізічнай падрыхтоўцы. Штогод да нас на службу прыходзяць хлопцы з МААП, якія прымалі ўдзел як у «Зарніцы», так і ў іншых мерапрыемствах, – падкрэсліў намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце вайсковай часці 52500 гвардыі маёр Андрэй Баланеску.

 

За званне найлепшых прыехалі змагацца 15 каманд. Юнакам і дзяўчатам трэба будзе пазмагацца ў кідзе гранаты на дакладнасць, конкурсе па страявой падрыхтоўцы, падцягванні на перакладзіне, прайсці паласу перашкод, разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава і інш.

Так, у складзе каманды Чашніцкага раёна – удзельніцы ваенна-патрыятычнага клуба СШ № 4 Дар'я Раманцова і Кацярына Усцінава. На «Зарніцу» дзяўчаты прыехалі ўпершыню, аднак свае сілы ўжо спрабавалі ў ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня».

– Мы спрабавалі страляць, збіраць і разбіраць аўтамат. Мне здаецца, гэта будзе цікава кожнаму, у тым ліку і дзяўчатам – смелым байцам, якія могуць стаць прыкладам для іншых. Лічу, што кожнаму школьніку неабходна прайсці такое выпрабаванне, таму што гульня аб'ядноўвае і пашырае кругагляд, – падзялілася Дар'я Раманцова.

Байцы каманды Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (пераможцы мінулага года) упэўнены, што ў любой справе важная фізічная падрыхтоўка, узровень якой вызначаюць ваенна-патрыятычныя гульні. Нягледзячы на тое, што склад каманды абнавіўся, хлопцы прыйшлі не толькі перамагчы, але і зарадзіцца пазітывам.

"Віцебскія весці"