Абласное спаборніцтва ў перыяд вясновых палявых работ стане для аграрыяў яшчэ адным стымулам правесці пасяўную кампанію аператыўна, зладжана, якасна і бяспечна
Лепшыя працаўнікі ў кожнай з катэгорый будуць узнагароджаны дыпломамі і падарункам у грашовым выразе ў памеры да сямі базавых велічынь. На перамогу могуць прэтэндаваць тыя, хто дамогся падчас пасяўной высокіх вынікаў і пры гэтым няўхільна выконваў вытворча-тэхналагічную і выканаўчую дысцыпліну.
Летась прафсаюзныя арганізацыі вобласці ў вясновую пасяўную і па яе выніках узнагародзілі 355 чалавек. Агульная сума прэміі склала каля 20 тысяч рублёў.
– Поспех правядзення пасяўной залежыць не толькі ад забяспечанасці сельскагаспадарчых арганізацый насеннем, кадрамі, тэхнікай і палівам. На ход работ уплывае і тое, наколькі для аграрыяў створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы працы. Нямалае значэнне ў гэтым адводзіцца менавіта прафсаюзам, – адзначае Таццяна Дзіканава. – У полі нашай увагі забеспячэнне працаўнікоў спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай абароны і гарачым харчаваннем, стварэнне належных санітарна-бытавых умоў у полі і на мехдварах, своечасовае правядзенне інструктажоў, перад- і паслярэйсавых медыцынскіх аглядаў, ажыццяўленне грамадскага кантролю.
Маніторынгавая праца пачата прадстаўнікамі аграрнага прафсаюза яшчэ задоўга да першых выхадаў тэхнікі ў поле. На месцах сумесна са спецыялістамі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў і сацыяльнымі партнёрамі – наймальнікамі – у працоўных калектывах праведзены семінары і рабочыя нарады па пытаннях, якія тычацца якаснага і своечасовага выканання палявых работ. Прафсаюзы ўзялі на кантроль і аплату працы, каб яшчэ больш заахвоціць тых, ад каго напрамую залежыць харчовая бяспека краіны.
На сёння прадстаўнікамі прафсаюза абследаваны пункты, у якіх будзе арганізавана харчаванне для аграрыяў. Больш за 100 сельскагаспадарчых арганізацый вобласці будуць карміць працаўнікоў праз уласныя сталовыя.
Многія гаспадаркі цалкам бяруць на сябе абавязацельствы па пакрыцці выдаткаў на арганізацыю двухразовага гарачага харчавання для аграрыяў.
Падчас маніторынгаў прафсаюзы звяртаюць увагу на наяўнасць у механізатараў аптэчак і вогнетушыцеляў. У сувязі з тым, што сельская гаспадарка заўсёды была адной з самых траўманебяспечных галін, на першым плане падчас правядзення работ павінны быць жыццё і здароўе людзей. Вялікая роля ў кантролі за выкананнем заканадаўства аб ахове працы адводзіцца грамадскім, так званым народным інспектарам сельскагаспадарчых арганізацый. Яны дапамогуць прафсаюзным лідарам на месцах і кіраўнікам, але і самі аграрыі падчас пасяўной павінны не забываць пра элементарную тэхніку бяспекі.