Аблакавае дабрачыннае свята збярэ ў Віцебску 950 дзяцей

Навагодняя губернатарская ёлка ў Віцебску збярэ 950 дзяцей з усіх гарадоў і раёнаў вобласці, паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Традыцыйнае абласное дабрачыннае свята адбудзецца 27 снежня і збярэ ў канцэртнай зале "Віцебск" дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Гэта дзеці, якія сталі пераможцамі і лаўрэатамі розных алімпіяд, творчых і спартыўных спаборніцтваў, актывісты, дзеці з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, якія засталіся без апекі бацькоў, сіроты. Кожны з іх у гэты дзень разам з самымі цёплымі віншаваннямі ад кіраўніцтва вобласці атрымае салодкі падарунак і яркія ўражанні ад навагодняга прадстаўлення.

Адкрые ж чараду буйных зімовых святаў у абласным цэнтры 16 снежня навагодні баль для навучэнскай і студэнцкай моладзі, запрашэнні на які атрымалі 200 юнакоў і дзяўчат. Падчас мерапрыемства за розныя дасягненні лепшыя з іх будуць адзначаны ўзнагародамі. Асобная ўвага ў гэтыя дні будзе нададзена і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Добры навагодні казачны вечар збярэ 120 такіх дзяцей 24 снежня ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

У Беларусі стартавала навагодняя рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", якая працягнецца да 10 студзеня. У дні яе правядзення ў Віцебскай вобласці запланаваны сотні мерапрыемстваў, якія пройдуць ва ўсіх установах адукацыі рэгіёна. Ганаровымі гасцямі ў многіх сацыяльных прытулках, інтэрнатных установах, дзіцячых дамах сямейнага тыпу ў гэтыя дні стануць прадстаўнікі выканаўчых і распарадчых органаў улады, грамадскіх арганізацый, спонсары і валанцёры. Галоўная мэта акцыі - не пакінуць без увагі ніводнага дзіцяці.

БЕЛТА.