Абласны этап рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла» адбудзецца заўтра ў Полацку
У ім возьмуць удзел больш за дзесяць сем'яў, якія сталі лепшымі ў сваіх рэгіёнах. Сёлета свята абяцае быць не менш насычаным і займальным. Спачатку канкурсантам будзе прапанавана прайсці тэматычныя выпрабаванні ў межах аглядны экскурсіі па горадзе, а затым іх чакаюць спаборніцтвы на пляцоўцы каля гарадскога Кургана. Маладыя сем'і прымуць удзел у «Выставе дасягненняў сямейнай гаспадаркі», на якой пачастуюць членаў журы і гасцей мерапрыемства саленнямі і варэннем, здзівяць рукадзеллем, прадэманструюць свае захапленні, парадуюць песнямі і танцамі.
Удзельнікам праекта таксама давядзецца вытрымаць выпрабаванне, у ходзе якога неабходна распілаваць бервяно, насячы дроў і з ювелірнай дакладнасцю іх скласці. Традыцыйныя конкурсы «Святочны воз» і «Зжатая паласа» вызначаць лепшых наезнікаў і майстрых-умельцаў у складанні святочных снапоў. Ну і які сельскі жыхар абыходзіцца без другога хлеба? Падчас выпрабаванняў пад назвамі «Бульбашы» і «Сялянскія прысмакі» трэба будзе прыгатаваць па сваім рэцэпце дранікі, паспытаць якія змогуць не толькі члены журы, але і ўсе жадаючыя. Конкурс «Лепшы сельскі падворак» дапаможа вызначыць самых гаспадарлівых удзельнікаў.
Пераможцы абласнога этапу пройдуць у фінал рэспубліканскага праекта для маладых сем'яў «Уладар сяла», які адбудзецца 19 верасня ў Гарадку ў межах свята працаўнікоў вёскі вобласці «Дажынкі-2014». Нагадаем, што ў 2013 годзе галоўны прыз дастаўся сям'і Кулаковых з Лёзненскага раёна.
Артур Мацеюн, "Віцебскія весці"