Абласны этап ваенна-патрыятычнай гульні "Арляня" прайшоў у Віцебску
Усяго 19 каманд змагаліся на спаборніцтвах у Віцебску за выхад у рэспубліканскі фінал.
Перш за ўсё юнакам і дзяўчатам трэба было паказаць свае навыкі ў страявой падрыхтоўцы. У параднай форме каманды прайшлі па плацу, дэманструючы выправу і зладжанасць. Як адзначылі прадстаўнікі каманднага складу паветрана-дэсантнай брыгады, якія назіралі за хлопцамі, школьнікаў хоць стаў у строй вайскоўцаў - так выразна ўдзельнікі чаканілі крок.
У конкурсе-прывітанні кожная група павінна была прадставіць творчую візітоўку і пазнаёміць суддзяў са сваёй камандай, рэгіёнам, установай адукацыі, расказаць аб рабоце па патрыятычным выхаванні і захаванні памяці аб загінуўшых абаронцах Айчыны.
Веды аб ваеннай гісторыі канкурсанты праявілі ў інтэлектуальным квiз-турніры, а затым паказалі сілу і спрыт у эстафеце. У ваенна-тактычнай гульні трэба было прадэманстраваць уменне выжываць у экстрэмальных умовах і не кідаць параненага сябра ў бядзе.
Удзельнікі конкурсу адказна падышлі да падрыхтоўкі. Адны цэлы год чакалі абласнога этапу і прысвяцілі інтэнсіўным трэніроўкам апошні месяц перад гульнёй. Менавіта так паступілі хлопцы з Пастаў. Ваенна-патрыятычная група сярэдняй школы №4 супрацоўнічае з пагранічнай заставай. Школьнікі штодня ходзяць на заняткі ў форме памежнікаў. Кожную суботу яны наведваюць пагранічную заставу, рэгулярна выязджаюць са сваімі куратарамі ў іншыя часткі. Ім асабліва запомнілася начлег у казарме ў Смаргоні. Бывалі пастаўчане і ў Інстытуце памежнай службы.
Нашчадкі слаўных традыцый віцебскіх дэсантнікаў, выхаванцы школы №45 імя В.Ф. Маргелава, якія наведваюць ваенна-патрыятычны факультатыў, а з наступнага года стануць навучэнцамі кадэцкага класа, адчуваюць сябе ў гульні больш чым звыкла. З настаўнікамі, вайскоўцамі праслаўленай 103-й паветрана-дэсантнай брыгады, яны праходзяць строявую, фізічную падрыхтоўку, вучацца рукапашнаму бою. Як адзначылі ўдзельніцы каманды, мамы імі ганарацца і не адгаворваюць ад такіх заняткаў. Адзін з удзельнікаў каманды Станіслаў Галубоўскі марыць пасля школы паступіць у Ваенную акадэмію і працягнуць дынастыю: яго бацька таксама служыў у шэрагах віцебскіх дэсантнікаў, а прадзед прайшоў Вялікую Айчынную вайну.
Як адзначылі арганізатары абласнога этапу, прадстаўнікі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, ваенна-патрыятычная гульня "Арляня" праводзіцца з мэтай удасканалення сістэмы патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Падобныя мерапрыемствы спрыяюць станаўленню актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі.-0-
"БЕЛТА"