Абласны фестываль педагагічных ідэй пройдзе ў Расонскім раёне

1 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Абласны фестываль педагагічных ідэй "Сучасны эфектыўны ўрок" пройдзе 2-3 снежня ў Расонскім раёне з удзелам членаў абласнога клуба пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў прафесійнага майстэрства "Настаўнік года". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Фестываль стане своеасаблівым парадам майстар-класаў і адкрытых урокаў, якія правядуць лепшыя педагогі-наватары Віцебскай вобласці на базе расонскай сярэдняй школы імя П. Машэрава. Лідары педагагічнай супольнасці вобласці прадставяць калегам свае аўтарскія канцэптуальныя мадэлі эфектыўнага ўрока і педагагічныя сістэмы. Сумесна з кіраўнікамі прадметных метадычных аб'яднанняў раёнаў члены клуба "Настаўнік года" правядуць самааналіз сваіх адкрытых урокаў, разгледзяць наяўныя ў распараджэнні настаўніка прафесійныя рэсурсы, а таксама абмяркуюць увесь спектр асаблівасцей арганізацыі эфектыўнага ўрока. Правядзенне фестывалю будзе спрыяць фарміраванню ў вобласці адкрытай інавацыйнай прасторы, якая аб'ядноўвае педагогаў і спецыялістаў, для дыялогу па праблемах якасці падрыхтоўкі і эфектыўнасці правядзення сучаснага ўрока. Асноўнымі мэтамі фестывалю з'яўляюцца павышэнне якасці адукацыі і прэстыжу настаўніцкай прафесіі, актывізацыя прафесійных зносін, абмен і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту і наватарскіх ідэй, а таксама актыўнае прыцягненне маладых таленавітых настаўнікаў у конкурсны рух. Акрамя таго, члены абласнога прафесійнага клуба "Настаўнік года" акажуць падтрымку і метадычную дапамогу калегам у развіцці творчых ініцыятыў. Арганізатарам выступае Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.-0-