Абласны каардынацыйны савет грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый падвёў вынікі працы ў 2020 годзе
Як паведаміў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерыян Мацкевіч, які ўзначальвае АКС, на працягу года праведзена чатыры пасяджэнні, разгледжана каля 25 пытанняў. Важнай палітычнай кампаніяй сталі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Грамадскія аб'яднанні прымалі актыўны ўдзел у фарміраванні выбарчых камісій.
«9 жніўня, яшчэ да абвяшчэння вынікаў галасавання, нашы «свядомыя» вывелі моладзь на вуліцы гарадоў, не прымаючы афіцыйныя вынікі выбараў. У так званай каляровай рэвалюцыі выявіліся фарбы ўсіх падобных з'яў у свеце. Сёння відавочна праглядаецца рука заходніх спецслужбаў. Іх задача – адарваць Беларусь ад Расіі, пасеяць хаос, пазбавіць дзяржаўнасці. У гэтай сітуацыі Прэзідэнт і кіраўніцтва краіны праявілі стойкасць і мужнасць для захавання стабільнасці», – сказаў Валерыян Мацкевіч.
Важным момантам пошуку згоды сталі дыялогавыя пляцоўкі, на якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні бягучай палітыкі. Заслугоўвае ўвагі круглы стол, праведзены ў гасцініцы «Ветразь», які прайшоў па ініцыятыве Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. У гэтым дыялогу прынялі ўдзел практычна ўсе зарэгістраваныя на Віцебшчыне грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі. У дыялогавых пляцоўках таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дэпутаты абласнога Савета. Працягваюць актыўную працу грамадскія прыёмныя. Ад наведвальнікаў паступаюць розныя пытанні, агульнадзяржаўныя фарміруюцца ў прапановы для Усебеларускага народнага сходу.
Удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі аб бягучай сітуацыі. Абмяркоўваліся прабелы ў патрыятычным выхаванні і іншыя актуальныя пытанні. Грамадскім арганізацыям і палітычным партыям сумесна з выканаўчай уладай неабходна ўзмацніць свае дзеянні ў гэтым напрамку, шукаць новыя формы працы. Свой пункт гледжання выказалі старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Дзянісаў, старшыня абласной арганізацыі ліберальна-дэмакратычнай партыі Ігар Цеплякоў, старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Тутовіч, старшыня абласнога аб'яднання ветэранаў паветрана-дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый Вячаслаў Белавус, старшыня абласной арганізацыйнай структуры Беларускага саюза журналістаў Аляксандр Кліцуноў, намеснік старшыні абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Лугаўцоў, намеснік старшыні паліткамісарыята абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Валерый Ананчанка, старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Міхаіл Каралюн.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Анатоль Гуцуляк падкрэсліў, што ў 2020 годзе грамадскія аб'яднанні і партыі, якія ўваходзяць у абласны каардынацыйны савет, праявілі палітычную сталасць. Яны годна праявілі сябе, удзельнічаючы ў дыялогавых пляцоўках, грамадскіх прыёмных. Шмат чаго каштуюць звароты членаў каардынацыйнага савета да жыхароў Віцебшчыны. У прыватнасці, у іх гаварылася, што забеспячэнне міру і згоды ў грамадстве павінна заставацца сярод прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, якія трэба будзе забяспечваць з улікам розных поглядаў і перакананняў. Пры гэтым рух наперад трэба выбудоўваць праз дыялог – гэта адзіна правільны спосаб вырашэння любых пытанняў.
2021-ы аб'яўлены ў Беларусі Годам нацыянальнага адзінства. Абласны каардынацыйны савет грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый гатовы плённа працаваць для рэалізацыі пастаўленых мэт і задач.