Абласны міжпакаленчы баль для пажылых грамадзян "Калядная сімфонія" прайшоў у Віцебску

Областной межпоколенческий бал для пожилых граждан "Рождественская симфония" прошел в Витебске
Больш за 50 танцавальных пар і ансамбляў, у тым ліку прадстаўнікоў залатога ўзросту, сабраў калядны баль у межах дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» у Віцебску.


Падобныя мерапрыемствы прайшлі па ўсёй рэспубліцы і ў кожным раёне Віцебшчыны 8 студзеня, у адзіны дзень правядзення баляў «Калядная сімфонія». Адметнай рысай балю ў абласной філармоніі стала яго міжпакаленчавая накіраванасць.

Вальс – кароль танцаў – закружыў не толькі равеснікаў з ліку прадстаўнікоў старэйшага пакалення, але і змешаныя пары.

– З дамамі з Кастрычніцкага раёна мы выканалі «Вальс пакаленняў» пад знакамітую музыку Я. Догі да фільма «Мой ласкавы і пяшчотны звер», – расказалі хлопцы-старшакласнікі з СШ № 3 ім. Л. Беліцкага. – Выступленню папярэднічалі гадзіны рэпетыцый. За гэты час мы навучыліся ўважлівасці і папярэдлівасці ў адносінах да сваіх партнёршаў.

Унісон з гэтым прызнаннем удзельнікаў балю прагучала віншаванне яго госця – намесніка старшыні аблвыканкама Вячаслава Дурнова. Ён адзначыў, што традыцыя правядзення калядных баляў задае добры культурны тон. Сталыя вучаць маладое пакаленне галантнасці, смеласці ў праяўленні узнёслых пачуццяў, успрыняццю прыгожага.

Класічную праграму падтрымалі гаспадары – артысты філармоніі. Жартлівыя сюрпрызы паднеслі члены клубаў джэнтльменаў, рух якіх набірае абароты на Віцебшчыне. Творчыя калектывы раёнаў з удзелам прадстаўнікоў залатога ўзросту прэзентавалі свае танцавальныя, пераважна вальсавыя, кампазіцыі.

Варта адзначыць, перад выхадам на танцпол больш хваляваліся кавалеры, а дамы, лёгка пурхаючы па паркеце, нібыта скідалі гады, асвятляліся ўнутраным святлом. Калядны баль – самы час памаладзець!

"Віцебскія весці"