Абласны адукацыйны форум валанцёраў БРСМ сабраў у Віцебску больш за 100 удзельнікаў

Больш за 100 удзельнікаў сабраў абласны адукацыйны форум валанцёраў БРСМ на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.

– Дзейнасць валанцёра не залежыць ад узросту, сацыяльнага становішча ці сямейнага статусу. Здзяйсняць добрыя справы, пры гэтым не прасіць нічога ўзамен – гэта вельмі важна, – адзначыў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч. – Добрыя справы не застаюцца незаўважанымі, бо яны нібы маякі свецяць тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. І вашы ўчынкі – годны і яскравы прыклад для іншых.

Анатоль Ліневіч уручыў узнагароды пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Моладзь за чысціню гарадоў і сёлаў», у якім 8 з 9 месцаў заняла моладзь Віцебскай вобласці.

– З упэўненасцю можна сказаць, што ў гэтай зале сабраліся тыя добрыя сэрцы, якія не за грошы і ўзнагароды, а 24/7 гатовыя шчыра дапамагаць іншым. Сёння валанцёрскі рух з'яўляецца самым прыярытэтным у Саюзе моладзі. І хлопцы, якія працуюць у «Добрым сэрцы» – унікальныя і дзіўныя, з шырокай душой і адкрытым сэрцам. Валанцёрскія атрады – гэта сімбіёз добрых спраў, пачынаючы ад цімураўскага руху і заканчваючы працоўнай моладдзю і дарослым насельніцтвам, – сказаў першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў і ўзнагародзіў пераможцаў і прызёраў абласнога тура рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года – 2022».

Дарэчы, конкурс праходзіў у тры этапы і паспеў аб'яднаць некалькі сотняў неабыякавых добраахвотнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.

На пачатку форуму для добраахвотнікаў прайшлі валанцёрскія інтэнсівы. Так, навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя акадэміка І. Антонава правялі майстар-клас па аказанні першай медыцынскай дапамогі, а кіраўнік мясцовага дабрачыннага аб'яднання «Дабрадзейкі» Лідзія Дземчанка з Оршы расказала пра паспяховыя практыкі валанцёрскай дзейнасці, таксама ўдзельнікі форуму пабывалі ў стацыянарных сацыяльных установах абласнога цэнтра.

Пасля яны наведалі інтэрактыўныя пляцоўкі і паўдзельнічалі ў рабоце навагодняй майстэрні, на якой сваімі рукамі вырабілі святочныя паштоўкі, упрыгожылі навагоднія цацкі, стварылі сімвал акцыі «Цуды на Каляды» – чырвоныя рукавічкі.

У рэгіёнах краіны пад эгідай добраахвотніцкага руху БРСМ створана больш за 1 тыс. валанцёрскіх атрадаў, якія аб'ядноўваюць каля 34 тыс. юнакоў і дзяўчат. Толькі ў Віцебскай вобласці дзейнічаюць больш за 300 атрадаў «Дабрэ Сэрца» агульнай колькасцю больш за 5 тыс. чалавек.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў абласны камітэт БРСМ пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі, а таксама камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.

"Віцебскія весці"