Абласное свята гумару пройдзе ў Шуміліне
«Смяяцца не грэх». Пад такой назвай ужо 8-9 лістапада ў Шуміліне пройдзе абласное свята гумару. У ім возьмуць удзел больш за 300 аматарскіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. На працягу двух дзён яны будуць практыкавацца ў мастацтве пародыі, клаўнады, гумарэсак і іншых вясёлых жанраў.
Як кажуць людзі дасведчаныя, жарты лепш успрымаюцца на сыты страўнік, таму арганізатары свята гумару вырашылі арганізаваць у фае Шумілінскага гарадскога Дома культуры выставу-кірмаш «Чым багаты – тым і рады», на якой усе ахвотныя змогуць пакаштаваць традыцыйныя беларускія стравы, а таксама прыняць удзел у гульнях і конкурсах. Упершыню пройдзе конкурс «Супер-пудзіла», да якога кожны раён вобласці стварае свой эксклюзіўны экспанат.
Свята завершыцца гала-канцэртам і ўзнагароджаннем пераможцаў.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"