Абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульняў упершыню прайшло ў Віцебску
Упершыню фестываль праходзіў у Віцебску, да гэтага яго сталіцай шмат гадоў былі Міёры. Як патлумачылі арганізатары, змена адрасу абумоўлена тым, каб прыцягнуць да гэтага праекта больш людзей, у тым ліку турыстаў, якія наведваюць абласны цэнтр, які сам па сабе лічыцца шматнацыянальным горадам.
У культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна» разгарнуліся тры пляцоўкі: «Смачная», «Майстровая» і «Канцэртна-святочная». Першая размясцілася прама ў двары, дарогу да яе не трэба было паказваць – здалёк даносіўся пах свежапрыготаванай юшкі, дранікаў, гарбузовай кашы і іншых страў, якія прыгатавалі да свята клубы нацыянальнай кухні і гульні.
Расонскі раён зрабіў акцэнт на здаровым харчаванні, на ягоным стале былі поліўка з грыбамі, пераклад, якім спрадвеку частавалі ў вёсцы Забор’е, запечаная ў печы брусніцы і цукаты з гарбуза. З міёрскага рэгіёну прывезлі мардоўскія стравы, з талочынскага – малдаўскія. Святлана Забела, частуючы гасцей, распавядала, як у клубе «Сем’Я», якім яна кіруе, стараюцца захоўваць рэцэпты малдаўскіх страў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. З яе лёгкай рукі на Талачыншчыне прыжыліся прывезеныя з радзімы продкаў вінаград і грэцкія арэхі, іх Святлана выкарыстоўвала для прыгатавання страў. Дарэчы, гэта клубнае аб’яднанне пры Славенскім СДК заняло першае месца ў конкурсе нацыянальных кухняў.
А вось Ушацкі раён накрыў шматнацыянальны стол, дзе з украінскай верашчакай суседнічалі беларускія дранікі, узбекскі баурсак і самса па-казахску. У аграгарадку Ільюшына, адкуль прыехаў народны клуб нацыянальных культур «Дружба», у міры і згодзе пражываюць прадстаўнікі розных народаў і запрашаюць адзін аднаго ў госці пакаштаваць свае нацыянальныя пачастункі.
Вядомы дырыжор, фалькларыст, этнограф Міхаіл Дрынеўскі, які ўзначальвае журы рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, прыехаў у Віцебск, каб прыгледзецца да нашых клубаў і майстроў і лепшых запрасіць гэтым летам на свята ў Гродна. Ён адзначыў не толькі разнастайнасць страў, але і арыгінальную падачу страў.
– Такога пазітыўнага настрою, з якім гаспадыні прэзентуюць свае стравы, не сустрэнеш у іншых рэгіёнах. З прыпеўкамі, жартамі, з народным духам ежа смачнейшая. А кухня якая разнастайная! Адным словам – вышэйшы пілатаж! – падзяліўся ўражаннямі Міхаіл Паўлавіч.
У выставачнай зале сваё мастацтва паказвалі народныя майстры. Тут галоўным экспертам быў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута. Многіх з аўтараў экспазіцыі Яўген Міхайлавіч добра ведае і з задавальненнем знаёміўся з новымі творамі. У прыватнасці, ён адзначыў унікальныя работы прадстаўніцы клуба ўкраінскай народнай вышыўкі «Бярогіня» з Рубы Марыі Стук і разьбу па дрэве члена народнага клуба армянскай культуры “Хаш” Гомельскага СДК Полацкага раёна Хачыка Чылінгярана. Майстар прадставіў выкананыя ў візантыйска-армянскай традыцыі кіот і хачкар (від народных архітэктурных помнікаў і святынь, які ўяўляе сабой каменную стэлу з разьбяным выявай крыжа). Прадстаўнік армянскай дыяспары таксама прызнаны лепшым на абласной выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Заключнай часткай свята стаў вялікі канцэрт калектываў і выканаўцаў, на якім гучалі песні на розных мовах. У танцавальным карагодзе з'ядналася харэаграфія многіх народаў, для якіх Віцебшчына стала другім родным домам.
У гэтай намінацыі, як, зрэшты, і сярод майстроў і кулінараў, нялёгка было вызначыць пераможцу. У россыпе народных талентаў журы ўсё ж вылучыла вакальную групу «Роксолана» з Лепельскага раёна, якая і заняла першае месца сярод калектываў. А сярод індывідуальных выканаўцаў галоўны дыплом атрымаў прадстаўнік азербайджанскай дыяспары Віцебска Эльдар Ахмедаў.