Абласны семінар з лідарамі ветэранскіх арганізацый прайшоў у Воршы

Областной семинар с лидерами ветеранских организаций прошёл в Орше
Аршаншчына шчыра прымала ўдзельнікаў абласнога семінара – лідараў ветэранскіх арганізацый Прыдзвінскага краю на чале са старшынёй абласнога савета ветэранаў Сяргеем Ольсевічам, начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзем Ягоравым.

Яны прыехалі ў горад на Дняпры для таго, каб пераняць вопыт работы Аршанскага раённага савета ветэранаў па ўзаемадзеянні з арганізацыямі і ўстановамі раёна ў пытаннях абароны сацыяльных правоў ветэранаў і падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Прывітаемшы ўдзельнікаў семінара, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў падкрэсліў, што ў рэгіёне выбудавана дакладная сістэма работы з ветэранамі. На працягу многіх гадоў раённую ветэранскую арганізацыю ўзначальвае неабыякавы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – Зінаіда Хайчанка. Яна змагла аб'яднаць у адну згуртаваную каманду людзей залатога ўзросту, акружыць іх увагай і клопатам, знайсці падыход да кожнага.

Сумесна з упраўленнем па працы, занятасці, сацыяльнай абароне, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, ваенкаматам, прафсаюзам і іншымі зацікаўленымі службамі прымяняюцца розныя формы ўзаемадзеяння з ветэранамі. Пра гэта падрабязна расказалі Зінаіда Хайчанка і дырэктар ТЦСАН Кацярына Муранкова.

Старшыні пярвінных ветэранскіх арганізацый Аршанскага чыгуначнага вузла, ільнакамбіната, гарпасёлкаў Арэхаўск і Балбасава падзяліліся вопытам сумеснай работы з рознымі структурамі, на прадпрыемствах, па месцы жыхарства ў вырашэнні сацыяльных праблем ветэранаў, іх культурнага адпачынку, ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі.

А самым прыемным момантам стала ўручэнне Генадзем Ягоравым юбілейнага медаля ў гонар 60-годдзя сустрэчы партызан і падпольшчыкаў на Кургане Дружбы, што на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі. Яе ўладальнікам стаў намеснік старшыні абласнога савета ветэранаў Уладзімір Цецоха. У свой час Уладзімір Аляксеевіч стаяў ля вытокаў стварэння патрыятычнага праекта «Курган Дружбы» і ўнёс вялікі ўклад у развіццё і росквіт Віцебшчыны. Ён і сёння займае актыўную жыццёвую пазіцыю, поўны сіл і новых ідэй.

Падчас практычнай часткі ўдзельнікі семінара наведалі падворак ветэрана працы Уладзіміра Сухадольскага. Ён сваімі рукамі арыгінальна добраўпарадкаваў дваравую тэрыторыю, якая падобная на казачны гарадок. Таксама старшыні ветэранскіх арганізацый здзейснілі азнаямленчую экскурсію па Оршы, пабывалі ў Копысі і на іншым беразе Дняпра – вёсцы Аляксандрыя.

"Віцебскія весці".