Абласны турыстычны злёт працуючай моладзі праходзіць у Віцебскім раёне

На бераг возера Шэвіна сёння з'ехала больш за 300 аматараў актыўнага ладу жыцця і адпачынку на прыродзе. Яны прадстаўляюць 15 каманд гарадоў і раёнаў Віцебшчыны.

– Хто добра адпачывае, той добра працуе. Таму падобныя сустрэчы вельмі важныя для маладых работнікаў. Спадзяюся, вы зможаце праявіць сябе ва ўсёй красе, годна прадставіўшы родны рэгіён. Завядзеце шмат новых знаёмстваў, – сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, які прысутнічаў на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця турзлёту. – Мерапрыемства прысвечана Году гістарычнай памяці. Нам не варта забываць пра тое пакаленне беларусаў, якое дазволіла жыць іх нашчадкам пад мірным небам. Каб захаваць свабоду і незалежнасць у цяперашні час, нашаму народу трэба быць адзіным і моцным.

На працягу двух дзён адпачывальнікаў чакаюць насычаныя конкурсная і спартыўная праграмы. У прыватнасці, арганізатары прапанавалі ўдзельнікам правераную часам класіку: спаборніцтвы на лепшую сцянгазету, пераадоленне паласы перашкод, фігурнае катанне на веласіпедах і выступленні мастацкай самадзейнасці. Таксама не абыдзецца без пацешных стартаў («Кідзенне бервяна», «Кідзенне валёнка» і «Хто хутчэй на мятле?»), дыскатэкі і пасядзелак ля вогнішча. Адметнасцю мерапрыемства стане інтэлектуальны open-air, падчас якога правядуць паходныя варыянты «Сваёй гульні» і «Што? Дзе? Калі?».

"Віцебскія весці"