Абласны турзлёт моладзі ў Полацкім раёне збярэ каля 800 чалавек
2 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі абласны турыстычны злёт моладзі пройдзе ў Полацкім раёне 18-20 чэрвеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашко.
У мерапрыемстве, прысвечаным 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прымуць удзел каманды з усіх гарадоў і раёнаў вобласці - усяго каля 800 чалавек.
На маляўнічым беразе возера Суя ўдзельнікі турзлёту на працягу трох дзён будуць спаборнічаць у тэхніках горна-пешаходнага, веласіпеднага і воднага турызму, у турыстычным трыятлоне. Акрамя таго, ім трэба будзе вызначыць наймацнейшую каманду ў конкурсах мастацкай самадзейнасці, турыстычнага побыту і навыкаў, газет і краязнаўчай віктарыне.
Пераможцы будуць вызначацца па выніках усіх конкурсных заданняў, а таксама ў асобных відах. Узнагародай ім стануць ганаровыя граматы і памятныя падарункі.
Турзлёт праводзіцца з мэтай патрыятычнага выхавання, арганізацыі вольнага часу і ўмацавання здароўя моладзі, прапаганды здаровага ладу жыцця. Яго арганізатарамі выступаюць аддзел па справах моладзі, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, а таксама Полацкі райвыканкам.-0-