Старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў узначаліў абласную арганізацыю «Белай Русі».
Ёсць чым ганарыцца
– «Белая Русь» сёння аб’ядноўвае каля 170 тыс. беларусаў, у тым ліку больш за 18,5 тыс. жыхароў Віцебшчыны, – адзначыў Валерый Башметаў. – Уся наша праца накіравана на кансалідацыю грамадства, стварэнне і рух наперад, развіццё сацыяльнай актыўнасці, ініцыятывы грамадзян, фарміраванне моцнай і квітнеючай Беларусі. Вось чаму «Белая Русь» з’яўляецца адной з самых уплывовых структур грамадзянскай супольнасці.
Па словах Валерыя Сцяпанавіча, абласная арганізацыя РГА «Белая Русь» выканала галоўную задачу: стала пазнавальнай, патрэбнай і запатрабаванай сілай, апорай і падтрымкай для мясцовых органаў улады ў рэалізацыі сацыяльных праграм.
– Можна канстатаваць: у нас усё атрымалася, і на Віцебшчыне пад сцягам «Белай Русі» аб’ядналіся людзі, якія хочуць і гатовыя ўнесці свой уклад у развіццё дзяржавы не толькі на сваім працоўным месцы, але і праз удзел у грамадскіх справах, – падкрэсліў Валерый Башметаў. – За мінулыя гады распрацавана сістэма ўдасканалення і ўмацавання ролі першасных арганізацый у працоўных калектывах, склаліся эфектыўныя формы і метады грамадскай дзейнасці, вызначыліся асноўныя напрамкі работы ў розных сферах.
Сёння абласная арганізацыя налічвае 911 пярвічак, 28 раённых і гарадскіх арганізацый, таксама ёсць аб'яднанне, створанае па вытворчым прынцыпе, – на прадпрыемстве «Віцебск-аблгаз». За пяць гадоў колькасць членаў «Белай Русі» павялічылася больш чым на 2000 чалавек. Асабліва прыраслі людзьмі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй у Верхнядзвінскім (старшыня раённай арганізацыі Ірына Тойранен), Віцебскім (Вольга Разанава), Браслаўскім (Віталь Даўжэнка) раёнах, Першамайскім раёне Віцебска (Аляксандр Каплеўскі), Полацку (Таццяна Палушкіна). Найбольш буйныя арганізацыі – у Наваполацку (1629 членаў), Першамайскім раёне Віцебска (1561), Полацку (1381).
– Але галоўнае не колькасць членаў, хоць і гэта важна, – сказаў Валерый Башметаў. – Галоўнае – якасць і выніковасць працы арганізацый. «Белая Русь» добра вядомая шматлікімі акцыямі.
Традыцыйнымі мерапрыемствамі сталі «Белая Русь» – з любоўю да дзяцей!» (віншаванне нованароджаных, якія з'явіліся на свет у Дзень Незалежнасці), «Белая Русь» – будучым абаронцам Айчыны!», «За бяспеку дзяцей на дарогах!», «Белая Русь» упрыгожвае Беларусь», «За адраджэнне духоўнай спадчыны!», «За здаровы лад жыцця!», «Белая Русь» – працаўнікам сяла», «У Новы год з «Белай Руссю!» і многія іншыя.
Сярод знакавых у Год моладзі (2015-ы) на канферэнцыі адзначылі круглы стол з прэзідэнцкімі стыпендыятамі Віцебшчыны, абласны конкурс інклюзіўнай творчасці «Пад крыламі Арыёна», удзел у спартакіядзе Гомельскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», міжнароднай скайп-канферэнцыі, дзе былі задзейнічаны ветэраны і былыя малалетнія вязні з Беларусі, Расіі і Казахстана, грамадскія маладзёвыя і ветэранскія аб'яднанні. Члены «Белай Русі» сумесна з прадстаўнікамі БРСМ удзельнічаюць у праектах і праграмах, накіраваных на рэалізацыю дзяржаўнай маладзёвай палітыкі.
Сярод іх конкурсы «Залатое пяро Беларусі», «Лепшая маладая сям'я», круглыя сталы «Працоўная занятасць студэнцкай моладзі». Вялікая ўвага надаецца ўшанаванню ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, удаў, маці, загінулых салдат, догляду за воінскімі пахаваннямі, правядзенню ваенна-патрыятычных злётаў, круглых сталоў у рамках акцыі «Белая Русь» – ветэранам» і гэтак далей.
Грамадская прыёмная ў дзеянні: працуе з насельніцтвам Аляксандр Пазняк
У маі 2016 года прайшоў заключны этап фестывалю творчасці самадзейных калектываў «Белая Русь» запальвае зоркі», прысвечаны Году культуры. У ім удзельнічалі 12 арганізацыйных структур, 27 калектываў, больш за 200 выканаўцаў. У Год культуры таксама праводзіліся выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Арт-птушка Прыдзвіння» (Віцебскі раён), экалагічныя фестывалі (Міёры, Глыбокае), рэалізоўваліся культурна-адукацыйныя праекты (Дубровенскі, Кастрычніцкі, Першамайскі, Чыгуначны раёны Віцебска), распрацаваны літаратурныя і турысцка-краязнаўчыя маршруты.
Члены РГА «Белая Русь» заўсёды задзейнічаны ў святочных мерапрыемствах, прысвечаных галоўным дзяржаўным святам. Аказваецца спонсарская дапамога сацыяльна ўразлівым слаям насельніцтва: дзецям-сіротам, шматдзетным сем'ям. Толькі летась на гэтыя патрэбы накіравана каля 15 тыс. рублёў, сабраных за кошт членскіх узносаў.
Абласная арганізацыя РГА «Белая Русь» актыўна ўдзельнічае і ў палітычным жыцці краіны, у прыватнасці, ва ўсіх этапах выбарчых кампаній апошняга пяцігоддзя. Важную ролю ў дзейнасці арганізацыі адыгрываюць грамадскія прыёмныя «Белай Русі», куды за кансультацыяй або падтрымкай можа звярнуцца любы ахвотны. За пяць гадоў гэтай магчымасцю на Віцебшчыне скарысталіся больш за 1700 чалавек.
Валерый Башметаў таксама адзначыў, што 2017 год – юбілейны для арганізацыі, яна адзначыць дзесяцігоддзе. У кастрычніку пройдзе III з'езд РГА «Белая Русь», дзе вызначацца прыярытэты далейшага развіцця.
Дайсці да кожнага
Старшыня РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў, які прысутнічаў на абласной канферэнцыі, адзначыў, што за апошнія гады арганізацыя ператварылася ў магутнейшую грамадскую сілу краіны.
– «Белая Русь» сёння – прафесійная структура для правядзення любых палітычных кампаній, дзейсны рэзерв кадраў усіх узроўняў, інтэгруючая грамадская сіла, а таксама супольнасць людзей высокай культуры, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч.
Ён падкрэсліў, што галоўная задача актыву «Белай Русі» – дайсці да кожнага, задзейнічаць раённыя арганізацыі і пярвічкі, прыцягнуць моладзь. Для гэтага патрэбны аўтарытэтныя, думаючыя людзі. Патэнцыял ёсць: толькі на Віцебшчыне ў трох раённых арганізацыях кіраўнікамі з’яўляюцца намеснікі старшыняў выканкамаў, а, напрыклад, сярод 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 69 – члены «Белай Русі». Аляксандр Радзькоў з задавальненнем адзначыў, што ўлада з увагай ставіцца да дзейнасці абласной арганізацыі РГА: у канферэнцыі ўдзельнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін.
– Мяркуючы па аўтарытэце «Белай Русі», магчымым шляхам развіцця можа стаць пераўтварэнне грамадскага руху ў палітычную партыю, – выказаў меркаванне Аляксандр Радзькоў. – Мы ўтвораны і структураваны па партыйным прынцыпе. Аднак яшчэ не вычарпаны патэнцыял «Белай Русі» як грамадскага аб’яднання. Цяперашні фармат арганізацыі дазваляе актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны.
Аляксандр Кутынко, «Віцебскія весці». Фота з архіва РГА «Белая Русь».