Аблвыканкамы могуць атрымаць магчымасць аказваць дапамогу прадпрыемствам з мясцовага бюджэту - Мікалай Шарстнёў

Аблвыканкамы могуць атрымаць магчымасць аказваць неабходную адрасную дапамогу прадпрыемствам са сродкаў мясцовага бюджэту. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, каментуючы даклад Прэзідэнту аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

Сярод іншага на дакладзе абмяркоўвалася магчымасць прадастаўлення аблвыканкамам большай свабоды ў распараджэнні сродкамі мясцовых бюджэтаў. "Размова аб тым, каб аблвыканкамы маглі індывідуальна распараджацца пэўнай часткай фінансаў, якая будзе зароблена звыш даведзеных артыкулаў, - растлумачыў губернатар. - У рэгіёнах узнікаюць сітуацыі, калі дапамогу неабходна аказаць канкрэтнаму прадпрыемству, а мы гэтага зрабіць не можам, таму што ёсць устаноўлены парадак, пэўная схема". Ён падкрэсліў, што размова ідзе менавіта аб сродках, заробленых звыш запланаванага.

Такім чынам, на думку губернатара, гэта яшчэ і дадатковая матывацыя, стымул, каб працаваць лепш. Кіраўнік вобласці ўчора правёў асабісты выязны прыём грамадзян у ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат", пабываў на вытворчасці, правёў нараду па пытаннях рэалізацыі новых інвестпраектаў і ўдасканалення работы прадпрыемства.

БЕЛТА.