Абноўленая АЗС «Беларуснафта» каля вёскі Мураўнічы Талачынскага раёна ўведзена ў строй
Такім чынам завершана абнаўленне ўсіх чатырох аўтазаправачных станцый прадпрыемства, размешчаных на галоўнай міжнароднай магістралі краіны ў межах Віцебскай вобласці.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што сучасныя шматфункцыянальныя аб'екты прыдарожнага сэрвісу патрэбны не толькі кіроўцам і турыстам. Яны дапамагаюць вырашаць праблему занятасці насельніцтва ў сельскагаспадарчых рэгіёнах, прадастаўляючы працоўныя месцы з добрай зарплатай. Цяпер трэба ісці ўглыб Віцебшчыны, да межаў Латвіі і Літвы, паляпшаць якасць дарог. Дарэчы, на будучы год ёсць дамоўленасці па рэканструкцыі трасы ў напрамку балтыйскіх краін.
– Неабходна, каб у кожным рэгіёне вобласці часцей уводзіліся новыя аб'екты рознага прызначэння: нам патрэбны працоўныя месцы, каб людзі былі задаволены і моладзь заставалася на малой радзіме, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.
Са знамянальнай падзеяй калектыў АЗС №59, які складаецца з 18 чалавек, павіншавалі прадстаўнік канцэрна «Белнафтахім» Сяргей Бондар і начальнік упраўлення вытворчага аб'яднання «Беларуснафта» Юрый Ананчанка. Яны пажадалі яму быць лепшым на трасе М1, на якой ад Брэста да мяжы Расіі размешчана звыш 40 АЗС усіх форм уласнасці.
Генпадрадчыкам рэканструкцыі выступіла ЗАТ «Прамэнергабуд», якое справілася з заданнем за 5,5 месяцаў пры нарматыўных 7,5. Як распавёў дырэктар РУП «Беларуснафта – Віцебскаблнефтапрадукт» Аляксандр Капшуль, стаяла задача завяршыць рэканструкцыю да пачатку II Еўрапейскіх гульняў, і будаўнікі не падвялі, выканаўшы запланаваны аб'ём работ, значна апярэдзіўшы тэрміны пры высокай якасці. У мадэрнізацыю інвеставана 3,5 млн руб. уласных сродкаў
предпрыемства. Аўтазаправачная станцыя абсталявана сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Чатыры мультыблокі здольныя адначасова абслугоўваць восем аўтамабіляў (ёсць дзве высокахуткасныя ТРК), прадастаўляючы такія віды паліва, як АІ-92, АІ-95 і ДП. Максімальная прапускная здольнасць – 250 заправак у сутки.
Для пашырэння спектру паслуг прадугледжаны пыласос, пост падпампоўкі шын, гасцявыя паркоўкі для аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, легкавых машын, у тым ліку транспарту інвалідаў. У бліжэйшы час АЗС усталююць прыладу для падзарадкі электрамабіляў.
Пасля рэканструкцыі гандлёвая зала павялічылася ў чатыры разы. Адпаведна пашырыўся і асартымент супутніх тавараў, якія неабходныя не толькі для камфортнага падарожжа, але і для пастаяннага выкарыстання ў быце. У кафетэрыі, «Заўжды ЦіКАVА» (гэта фірмовы брэнд «Беларуснафты») можна падсілкавацца, адпачыць з кубкам кавы на ўтульным дыване або за барнай стойкай, зарадзіць тэлефон, скарыстацца бясплатным Wi-Fi.
У дзіцячым куточку малыя змогуць памаляваць каляровымі алоўкамі. Для маладых мам спецыяльна адведзена месца з пяленальным сталом для немаўлят.
Зараз на балансе «Беларуснафта – Віцебскаблнефтапрадукт» 72 аўтазаправачныя станцыі. Варта адзначыць, што рэканструкцыя АЗС № 59 стала завяршальным этапам абнаўлення комплексу з дзвюх люстрана размешчаных аўтазаправак. У лістападзе была мадэрнізавана АЗС №60, якая знаходзіцца на процілеглым баку дарогі. Цяпер кіроўцам, якія рухаюцца па трасе ў абодвух напрамках, не трэба разварочвацца на ажыўленай магістралі. Дарэчы, на АЗС №60 пасля рэканструкцыі рэалізацыя нафтапрадуктаў і спадарожных тавараў павялічылася на 60%.
Машыну першага кліента новай АЗС па традыцыі заправілі бясплатна. Пенсіянер з Талачына, кіроўца аўтобуса з 42-гадовым стажам Фёдар Піткевіч атрымаў у падарунак 30 л бензіну.
Сетка аўтазаправачных станцый «Беларуснафта» з'яўляецца найбуйнейшай у краіне і складаецца з больш чым 500 АЗС. Для ўдзельнікаў праграмы лаяльнасці штомесяц разыгрываюцца аўтамабілі, пастаянна дзейнічаюць зніжкі, вядзецца статыстыка заправак, прадастаўляюцца іншыя бонусы.
Дарэчы. На наступным тыдні ў Віцебску ў дзень горада РУП «Беларуснафта – Віцебскаблнефцепрадукт» адкрые новую АЗС, размешчаную ў мікрараёне Білева па вул. 33-й Арміі.
СЯРГЕЙ ЛЯШУК, фота Дзмітрыя ВОСІПАВА, «Віцебскія весці».