Абноўленая плошча Перамогі адкрылася ў Віцебску

8 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё самага чаканага за апошні год аб'екта - плошчы Перамогі. Чырвоную стужку, якая сімвалізуе гэту знамянальную падзею, перарэзалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, старшыня Віцебскага абласнога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў Генадзь Герасімовіч і Герой Савецкага Саюза Леанід Філіпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Адкрыццё плошчы Перамогі напярэдадні 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне глыбока сімвалічна, адзначыў Аляксандр Косінец, звяртаючыся да ветэранаў, жыхароў і гасцей свята. "Гэта даніна павагі і памяці да подзвігу герояў-вызваліцеляў, а таксама напамін нам, нашчадкам, аб гераічным мінулым нашай краіны", - падкрэсліў ён. Плошча Перамогі ў Віцебску з'яўляецца самай вялікай у Беларусі і адной з найбуйнейшых у Еўропе, яе памер складае звыш 72 тыс. кв. м. Яна мае прамавугольную форму, з трох бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, чацвёрты бок выходзіць на раку Заходняя Дзвіна. Культурна-дзелавая частка комплексу ўключае аб'екты грамадскага харчавання, абноўленыя фірменныя крамы віцебскіх вытворцаў. Тут устаноўлены два светламузычныя і два светладзінамічныя фантаны, святлодыёдныя экраны. Архітэктурнай дамінантай плошчы з'яўляецца мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны, створаны ў 1974 годзе і адрэстаўраваны да святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі. Асфальтавае пакрыццё ля галоўнага манумента заменена пліткай, адрамантаваны лесвіцы, пакрыты гранітам басейны двух фантанаў і 10 пілонаў. Акрамя таго, рэстаўрацыі падвергліся тры 56-метровыя трапецападобныя пілоны-абеліскі і падыум-зорка, у цэнтры якога гарыць Вечны агонь. Іх пачысцілі, а невялікія расколіны заладзілі спецыяльнымі растворамі. Рамонтныя работы праведзены таксама на тэрыторыі школы №2, размешчанай побач з мемарыяльнай часткай комплексу, у падземных пераходах, якія вядуць да плошчы. Важным элементам плошчы з'яўляецца парк Пераможцаў, які яе абрамляе. У цяперашні час тут пасаджаны дрэвы, створана алея Славы з тэхнікі і баявых прылад часоў вайны. "У далейшым у парку будуць устаноўлены кола агляду, парашутная вышка, каля добраўпарадкаванай набярэжнай з'явіцца прычал, а па рацэ будзе курсіраваць цеплаход. Гэта будзе цудоўнае месца для патрыятычнага выхавання моладзі, адпачынку, адукацыйны і культурна-дзелавы цэнтр Віцебска", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. -0-