Абноўленая паліклініка адкрыецца ў Багушэўску ў дзень 130-годдзя пасёлка

13 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гарадскі пасёлак Багушэўск (Сенненскі раён) адзначыць 14 жніўня сваё 130-годдзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Багушэўскага пасялковага выканаўчага камітэта Любоў Трубяко. Маштабнае свята збярэ не толькі жыхароў пасёлка і сенненцаў, але і шматлікіх гасцей з бліжэйшых раёнаў, Віцебска і Мінска. Адкрые яго ўрачысты сход у Багушэўскім Доме культуры, удзельнікі якога ўспомняць памятныя даты пасёлка, цікавыя падзеі, знакамітых землякоў. Урачыстасць будзе суправаджацца выступленнем самадзейных танцавальных і вакальных калектываў. Знамянальнай падзеяй для жыхароў Багушэўска стане ў гэты дзень адкрыццё пасля рэканструкцыі паліклінікі, якая абслугоўвае больш за 9 тыс. чалавек - жыхароў пасёлка і бліжэйшых населеных пунктаў. На абнаўленне аб'екта, які ўключае ў сябе таксама дзіцячую і жаночую кансультацыі, было накіравана каля Br840 млн. Акрамя таго, Br347,3 млн. затрачана на набыццё медыцынскага абсталявання і Br62,9 млн. - на мэблю. Абслугоўваць наведвальнікаў будуць каля 30 супрацоўнікаў медперсаналу, якія змогуць прымаць да 130 чалавек у змену. Святочная праграма для гасцей і жыхароў Багушэўска будзе праходзіць на пяці тэматычных пляцоўках: "Свет дзяцінства", "На прывале", "Алея здароўя", "О, спорт, ты мір!" і "Гасціны падворак". Тут адбудуцца выступленні мясцовых і запрошаных калектываў, будзе прадстаўлена цыркавая праграма для дзяцей, розныя атракцыёны. Аматараў здаровага ладу жыцця і проста прыхільнікаў футбола запросяць паўдзельнічаць у футбольным турніры. Падсілкавацца ўдзельнікі весялосці змогуць у кропках грамадскага харчавання. Увечары моладзь і ўсіх аматараў начнога жыцця чакае "музычны серпанцін", запальная вечарынка "Танцуй да раніцы", а таксама маляўнічы феерверк у начным небе 130-гадовага пасёлка. Свой гісторыю Багушэўск адлічвае з 1879 года. Лічыцца, што першыя жыхары абгрунтаваліся тут дзякуючы цудоўнай каплічцы Святога Макавея. Назву пасёлка вызначылі ў пачатку XX стагоддзя, калі вялікі надзел зямлі належаў мясцоваму памешчыку Дзмітрыю Багушэўскаму. У 1901 годзе ён фактычна бясплатна выдзеліў зямлю пад будаўніцтва чыгуначнай станцыі з адзінай умовай назваць яе ў гонар сваёй жонкі - Багушэўскай.-0-