Абноўленая пажарная аварыйна-выратавальная часць адкрыта ў Воршы
Уладзімір Вашчанка адзначыў, што Орша атрымала практычна новую пажарную часць. Праводзячы рэканструкцыю, стары будынак давялося літаральна цалкам дэмантаваць і, пачынаючы з падмурка, узводзіць усё нанова. "Аршанскаму раёну пастаўлена задача кіраўніком дзяржавы развіваць прамысловасць, сельскую гаспадарку, ствараць новыя працоўныя месцы, будаваць жыллё. Вядома ж, усё гэта павінна суправаджацца надзейнай абаронай нашых грамадзян, - сказаў міністр. - Ва абноўленай часці створаны ўсе ўмовы для супрацоўнікаў, для таго, каб яны эфектыўна выконвалі прафесійныя задачы".
Паралельна з рэканструкцыяй будынка вялася праца па аснашчэнні падраздзялення абсталяваннем, ствараліся камфортныя ўмовы для нясення службы. Па словах міністра, ратавальнікі зараз вялікі акцэнт робяць на прафілактыку і папярэджанне надзвычайных сітуацый. "Ак тыўна тлумачым насельніцтву, да чаго прыводзіць бестурботнасць. Прафілактычная праца праводзіцца сумесна з органамі ўлады, якія ставяцца з разуменнем, аказваюць падтрымку. Развіццё выратавальных службаў вельмі важна для рэагавання ў выпадку неабходнасці дапамагчы людзям", - сказаў ён.
Працягваючы тэму развіцця, Уладзімір Вашчанка дадаў, што МНС актыўна займаецца будаўніцтвам, рэканструкцыяй. "Вядзецца аснашчэнне падраздзяленняў самай сучаснай тэхнікай і абсталяваннем. Усё для таго, каб на найвышэйшым прафесійным узроўні аказваць дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду", - падкрэсліў кіраўнік міністэрства.
Закрануў ён і тэму добраахвотных пажарных дружын. "Мы вывучаем вопыт іншых краін. Добраахвотныя дружыны ствараюцца на прадпрыемствах, у арганізацыях, дзе пры нашай падтрымцы праводзіцца навучанне, -сказаў Уладзімір Вашчанка. — У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы ў кожным раёне створаны эксперыментальныя добраахвотныя падраздзяленні. Яны аказваюць нам істотную падтрымку. Цяпер рыхтуецца ўказ аб развіцці гэтага руху. Чым больш будзе датычных да гэтай справы, тым менш у нас будзе бед і больш разумення. Калі людзі самі будуць непасрэдна дакранацца і бачыць, да чаго прыводзіць неасцярожнасць, то яны стануць больш акуратнымі і асцярожнымі".
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў у сваю чаргу адзначыў, што супрацоўнікі выратавальнай часці атрымалі ўсё неабходнае для эфектыўнай працы і камфортнага адпачынку. "Па вялікім рахунку, гэта наша бяспека. Калі для прафесіяналаў створаны ўсе ўмовы, мы можам спаць спакойна", — сказаў ён.
Старшыня аблсавета таксама адзначыў, што абнаўлёны будынак гарманічна ўпісаўся і ўпрыгожыў гістарычную частку Оршы. "Ён практычна адноўлены ў першапачатковым выглядзе, але стаў сучасным і функцыянальным", — рэзюмаваў Уладзімір Церанцьеў. Рэканструкцыя дэпо была пачата ў 2016 годзе. На дадзены момант завершаны будаўніча-мантажныя работы па абнаўленні асноўнага двухпавярховага будынка. У памяшканні ўстаноўлена неабходнае абсталяванне і мэбля.
Колькасць асабовага складу ПАСЧ
павялічылася да 46 чалавек, частка ўкамплектавана тэхнікай (дарэчы, сучасную
аўтацыстэрну ёмістасцю 10 т аршанскім ратавальнікам сёння прэзентавала
міністэрства). Работы будуць працягнуты, яшчэ неабходна выканаць рэканструкцыю
вытворчага корпуса, гаражных боксаў для рэзервовай тэхнікі, бытавога
будынка. Фінансаванне рэканструкцыі ажыццяўляецца са сродкаў пазабюджэтнага
цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду МНС і ўласных сродкаў Віцебскага
абласнога ўпраўлення МНС. Аршанскі гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях — адзін
з найбуйнейшых гарнізонаў Беларусі. Гісторыя стварэння пажарнай службы ў горадзе
вядзецца з 1907 года, калі быў зацверджаны штат пажарных каманд для Оршы.
Алена Ціханава — БелТА. Фота "Аршанскай газеты".