Абноўленыя палаты для ветэранаў вайны і працы адкрыюць у лістападзе ў чатырох ЦРБ Віцебскай вобласці

У чатырох цэнтральных раённых бальніцах (ЦРБ) Віцебскай вобласці да лістапада 2021 года мадэрнізуюць палаты для ветэранаў вайны і працы, праца вядзецца на сродкі Беларускага фонду міру. Пра гэта паведаміла старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення ГА "Беларускі фонд міру" Таццяна Туманова.

Праца ўжо пачата ў ЦРБ у Глыбокім, Ушачах, Оршы і Докшыцах. У лістападзе абноўленыя палаты ўрачыста адкрыюць. "Яны будуць аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем і неабходнай бытавой тэхнікай. Акрамя новых ложкаў і тумбачак, ветэраны вайны і працы змогуць карыстацца халадзільнікам і тэлевізарам, што павысіць камфорт знаходжання ва ўстанове аховы здароўя. Мы плануем адкрыць у гэтых чатырох ЦРБ па чатыры палаты", - распавяла Таццяна Туманова.

Кіраўніца абласнога аддзялення дадала, што Фонд міру па ўзгадненні з галоўным упраўленнем па ахове здароўя аблвыканкама да 9 мая 2022 года плануе абсталяваць як мінімум па адной такой палаце ў кожнай раённай бальніцы Віцебскай вобласці. Аднак і пасля святкавання Дня Перамогі праца па павелічэнні колькасці палат працягнецца. "Галоўная задача для медыкаў і Фонду міру - клопат пра старэйшае пакаленне, якое выкавала перамогу на франтах Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе ў мірны час - на прадпрыемствах і арганізацыях вобласці. Ветэраны вайны і працы і ў бальніцы павінны адчуваць сябе як дома, каб лячэнне праходзіла эфектыўна", - падкрэсліла Таццяна Туманова.

"БЕЛТА"