Абноўлены ФАК у Сянне набірае папулярнасць
Фактычна гэта нават была не рэканструкцыя аб'екта, а новае будаўніцтва. Бо ў ранейшым неацяпляльным ФАКу неяк на поўным сур'ёзе прапаноўвалі зімой заліваць каток. Цяпер усё гэта, дзякуй Богу, ужо ўспрымаецца як няўдалы жарт.
Сродкі на будаўніцтва ў асноўным выкарыстоўваліся з абласнога і раённага бюджэтаў, дапамогу аказалі Міністэрства спорту і турызму, арганізацыі-спонсары. Генеральным падрадчыкам выступіў віцебскі будаўнічы трэст №9. І, як адзначаюць тыя, каму яго працай даводзіцца карыстацца, будаўнікі папрацавалі на славу. Першае слова, якое прыходзіць тут на розум, – камфортна. Гэта адносіцца як да наведвальнікаў гэтага аазіса здароўя, так і да тых, хто тут працуе.
Экскурсію па аб'екце правёў для мяне намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Сянненскага райвыканкама Аляксандр Гардзецкі. Гульнявая зала з сучасным пакрыццём даставіць задавальненне аматарам міні-футбола і іншых камандных відаў спорту, ёсць таксама трэнажорная зала, залы фітнесу і настольнага тэнісу, пакой адпачынку для трэнераў. Выкананы неабходныя патрабаванні і па стварэнні безбар'ернага асяроддзя.
Цяпер у залах цёпла і ўтульна. Ёсць уласная аўтаномная кацельня, якая падтрымлівае зададзеную тэмпературу. Яна цалкам аўтаматызавана, і толькі раз на месяц спецыяліст жыллёва-камунальнай гаспадаркі здымае паказанні лічыльнікаў.
Цэны на наведванне па мерках таго ж абласнога цэнтра дэмакратычныя. Напрыклад, месячны абанемент на фітнес (заняткі 3 разы на тыдзень) абыдзецца ў 22 рублі, за рубель можна гадзіну пагуляць у тэніс. І, са слоў гараджан, на пінг-понг даводзіцца займаць чаргу. Такі вось усплёск цікавасці да фізкультуры. А ў гульнявой зале ўжо прайшлі міжраённыя спаборніцтвы па валейболе, навагодні турнір па міні-футболе, іншыя спаборніцтвы.
Акрамя таго, у мінулым годзе тут абнавілі стадыён з лёгкаатлетычнай дарожкай, гімнастычным мястэчкам і трэнажорамі для
заняткаў воркаутам вытворчасці ААТ «Тыраспальскі агратэхсэрвіс». Апошняе набыццё – з дапамогай Беларусбанка. Абуладкавана яма для скачкоў у даўжыню, пабудавана пляцоўка для баскетбола. Штучнае асвятленне дазваляе праводзіць матчы на стадыёне ў цёмны час сутак.Запатрабаваны комплекс і сярод выхаванцаў мясцовай спартыўнай школы. Прычым, адзначаюць трэнеры па лёгкай атлетыцы, калі раней бывалі выпадкі пропуску заняткаў, то сёння дзеці з задавальненнем ідуць на трэніроўку, ад жадаючых няма адбою. І гэта не можа не радаваць. Дзякуючы камфортным умовам стала магчымым увесці і новыя дысцыпліны, напрыклад, штурханне ядром, у якім ужо з'явіліся свае зорачкі. Запатрабавана пляцоўка для пляжнага валейбола на беразе возера.
Сёння спорт у рэгіёне развіваецца
планамерна. У дадатак да існуючай будуецца новая пляцоўка для міні-футбола з
штучным пакрыццём. Дарослая футбольная каманда годна выступае ў
першынстве вобласці, у гэтым годзе толькі ў канцы сезона страцілі перавагу перад
будучымі чэмпіёнамі – лепельчанамі, затое заваявалі Кубак вобласці. Клуб абараняў
гонар Віцебшчыны на рэспубліканскім Кубку рэгіёнаў.
Мясцовыя атлеты і аматары спорту спадзяюцца, што ў наступным годзе скончыцца
будаўніцтва базы культавага для Сенненшчыны віду – біятлона. Дастаткова
сказаць, што ў цяперашнім складзе зборнай Беларусі – выхаванцы мясцовай
спартыўнай школы Ірына і Віктар Крыўко. І, упэўнены, гэтая зямля дасць яшчэ не
адзін спартыўны талент, у чым паспрыяюць і новыя збудаванні.
Алесь Бынькоў, фота аўтара. «Віцебскія вясці».