Абноўлены медыцынскі корпус адкрылі ў ДАЦ «Дружба» УП «Віцебскаблгаз» у Шумілінскім раёне






У ДАЦ «Дружба» вось-вось загучаць дзіцячыя галасы. Ужо 1 чэрвеня дзіцячая аздараўленчая ўстанова адчыніць свае дзверы для першай сотні дзяцей. Песні каля вогнішча, спартыўныя заняткі, конкурсы, дыскатэкі і разнастайныя актыўнасці чакаюць юных выхаванцаў. Педагогі абяцаюць ім насычаную праграму на працягу 18-дзённага марафону ўсіх 4 змен.
Уладзімір Цярэнтаў падчас урачыстага адкрыцця адзначыў, што дзіцячае аздараўленне ў летні перыяд — цудоўная традыцыя, якая прыйшла да нас з савецкага мінулага.
— Важна, што мы не толькі захоўваем яе як сацыяльна арыентаваны адпачынак нашых дзяцей, але і паляпшаем матэрыяльна-тэхнічную базу, — сказаў кіраўнік дэпутацкага корпуса. — Больш старэйшае пакаленне прывыкла да адпачынку ў палатках і ў больш спартанскіх умовах, але на двары 21 стагоддзе. І тое, што зараз у лагерах з'яўляюцца басейны, саляныя пакоі, кінатэатры, сведчыць аб тым, што сістэма развіваецца. Сёння і дзяржава, і прадпрыемствы, якія адпраўляюць дзяцей, датаруюць пуцёўкі. Вельмі прыемна, што колькасць лагераў расце, сёлета на два лагеры больш адкрыецца, чым у мінулым. Адпраўляючы сюды дзіця, бацькі могуць быць упэўнены, што іх сын ці дачка выдатна правядуць час з карысцю і аздаровяцца. Свежае паветра, прафесійныя трэнеры і педагогі, што яшчэ трэба для шчасця?














Начальніца лагера Святлана Вязіцкая падкрэсліла, што сёлета была праведзена вялікая праца па падрыхтоўцы да летняга аздараўленчага сезона: добраўпарадкавалася тэрыторыя, праводзіўся касметычны рамонт у летніх і асноўным корпусах. Таксама ўмацавалі матэрыяльную базу, закупілі спартінвентар. Вядома ж, галоўнае дасягненне — адрамантаваны і мадэрнізаваны медыцынскі корпус, дзе з'явіліся дзве новыя пакоі: саляная і з хатнім кінатэатрам. Для зручнасці хлопчыкаў і дзяўчынак памяшканне абсталявана сучаснымі мяккімі крэсламі-мяшкамі.