Абноўлены мемарыял абаронцам Айчыны адкрылі ў Расонскім раёне
У Расонскім раёне ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі мемарыял абаронцам Айчыны, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У воінскім пахаванні, размешчаным у вёсцы Грышына, спачываюць астанкі 600 салдат і афіцэраў, партызан. Гэта воіны 119-й, 219-й, 358-й, 360-й стралковых дывізій, 171-га асобнага танкавага батальёна, якія загінулі ў гады вайны пры вызваленні Расонскага раёна ў баях і памерлі ад атрыманых ран і калецтваў у мясцовым ваенным шпіталі. Многія з іх былі пахаваны ў брацкай магіле. У памяць аб абаронцах Айчыны ў 1980-х гадах тут быў устаноўлены мемарыял. З часам ён састарэў, таму рашэнне мясцовых улад аб яго аднаўленні было своечасовым. Сродкі на рэканструкцыю (больш за Br7 тыс.) былі зароблены на суботніках. У дні іх правядзення сур'ёзная ўвага надавалася добраўпарадкаванню пахавання, правядзенню рамонтных работ.
Шырокай грамадскасці вынік гэтай высакароднай справы быў прадстаўлены сёння: у жалобным мітынгу прынялі ўдзел ветэраны, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, кіраўніцтва мясцовых органаў улады, жыхары раёна, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, а таксама ўсе, хто ўнёс часцінку сваёй працы ў аднаўленне мемарыяла.
"Сённяшняя падзея не прымеркавана да нейкага буйнога свята, - падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў, - яна каштоўная сама па сабе, бо з'яўляецца чарговым важным звяном у ланцугу сістэмнай працы, якая праводзіцца ў Віцебскай вобласці па аднаўленні воінскіх пахаванняў і імёнаў загінулых за вызваленне Беларусі воінаў". У якасці прыкладу ён прывёў пахаванне ў Грышына: у цяперашні час вядома толькі 244 прозвішчы з 600 абаронцаў Айчыны, якія спачываюць тут. Карпатлівая праца па ідэнтыфікацыі астатніх працягваецца.
Важнай часткай мерапрыемства стала цырымонія забору зямлі, якая азнаменавала пачатак рэалізацыі праекта "На славу агульнай Перамогі!" на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Разам з капсуламі з зямлёй, узятай з месцаў воінскіх пахаванняў і гібелі мірных жыхароў іншых раёнаў рэгіёна, 9 мая 2020 года - у дзень 75-годдзя Перамогі - яе змесціць у нішы Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.
Усяго на тэрыторыі Расонскага раёна знаходзіцца 77 воінскіх пахаванняў. Найбуйнейшы мемарыяльны комплекс, дзе спачываюць больш за 2,5 тыс. воінаў, размешчаны ў Расонах.
БЕЛТА. Фота "Голас Расоншчыны".