Абноўлены мост праз раку Дрыса адкрылі ў Верхнядзвінску

У Верхнядзвінску пасля маштабнай рэканструкцыі адкрылі цалкам абноўлены мост праз Дрысу. Транспартная артэрыя злучае левы і правы берагі ракі.

Адкрыццё доўгачаканага аб'екта стала сапраўдным падарункам мясцовым жыхарам. Стары мост з-за аварыйнага стану закрылі для руху і ўключылі ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму. У даваенны час на гэтым месцы быў драўляны пуцеправод, які кожны год даводзілася аднаўляць - вясной яго зносіла цячэннем. Пазней тут з'явіўся бетонны мост, па некаторых даных, з трафейных нямецкіх канструкцый. На месцы гэтай пераправы, дзе злучаюцца воды Заходняй Дзвіны і Дрысы, больш за 600 гадоў таму і быў заснаваны горад Дрыса, які з 1962 года называюць Верхнядзвінскам. Па Заходняй Дзвіне праходзіў шлях "з варагаў у грэкі", што дазваляла развіваць гандаль у рэгіёне.

Уладзімір Андрэйчанка

Ацэньваючы маштабы цяперашніх работ, будаўнікі хутчэй гатовы назваць іх узвядзеннем новага моста, а не рэканструкцыяй старога. Існуючыя канструкцыі цалкам разабралі і ўзвялі новыя жалезабетонныя. Працэс стартаваў у студзені 2022 года, грошы на будаўніцтва выдзеліў Еўразійскі банк развіцця. Пасля ўвядзення санкцыйных абмежаванняў фінансаванне было спынена, але яно аднавілася ў жніўні таго ж года - знайшліся іншыя надзейныя крыніцы. Нягледзячы на складанасці, у тым ліку і пагодныя ўмовы, будаўнікам удалося ўкласціся ў тэрміны. Генпадрадчыкам выступіла ААТ "Мастабуд", праект распрацавала дзяржпрадпрыемства "Белгіпрадор". Новы мост стаў большым за стары. Яго даўжыня перавышае 150 м, шырыня павялічылася з 7 м да 11 м. Па абодва бакі створаны паўтараметровыя тратуары.

"Практычна кожны дзень ездзілі па гэтым мосце на аўтобусе і ровары, пакуль быў адкрыты яшчэ стары. Тады дабірацца было праблемна, мы наўкола аб'язджалі кіламетраў 10, але транспартнае паведамленне было арганізавана добра. Праўда, было не так камфортна і даводзілася марнаваць больш часу на дарогу, доўга прывыкалі да змен. Доўга чакалі адкрыцця, увесь час цікавіліся, калі яно адбудзецца", - распавялі жыхаркі вёскі Бароўка Верхнядзвінскага раёна Галіна Каралёва і Ларыса Лаўрукевіч. Абедзве пенсіянеркі прыехалі на адкрыццё аб'екта на роварах і адзначылі, што цяпер падобныя фізічныя нагрузкі будуць для іх больш частымі.

"Адкрыццё моста нам моцна палегчыць жыццё: мы цяпер напрамую можам даехаць у цэнтр горада, значна прасцей і зручней для нас, за што мы вельмі ўдзячныя ўсім датычным. Цяпер гэта сучаснае збудаванне, якое не параўнаць са старым. Ранейшы быў ужо непрыдатны, па ім страшна часам было ездзіць", - сказала жыхарка прыгарада Верхнядзвінска Зоя Корбут.

"Мае бацькі жывуць у вёсцы, а на працу ездзяць у Верхнядзвінск. І заўсёды яны дабіраліся больш кароткім шляхам - менавіта па гэтым мосце. Радуе, што ён стаў зручнейшы. Пакуль ішоў рамонт, нам перабудоўвалі аўтобусны маршрут, з-за чаго ў школу даводзілася ўставаць раней прыкладна на паўгадзіны. Цяпер можна вяртацца да ранейшага графіка", - дадала вучаніца СШ №2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза М.В. Троян Яўгенія Лесціна.

Аляксандр Субоцін

Цырымонію адкрыцця моста наведалі і ганаровыя госці. Сярод іх старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Таксама ўдзельнікамі знакавай падзеі сталі кіраўнікі мостабудаўнічых арганізацый вобласці, краіны, жыхары Верхнядзвінска і раёна. Рабочым і спецыялістам, якія мелі дачыненне да будаўніцтва аб'екта, уручылі заслужаныя ўзнагароды.

Аўтамабільны рух па мосце адкрыла калона з сельскагаспадарчай, грузавой тэхнікі, спецыяльнага транспарту, аўтобусаў і не толькі. Апрабаваць пешаходны маршрут пазней змаглі госці і жыхары раёна.

"БЕЛТА"