Абноўлены народны музей баявой славы адкрылі ў Гарадку
Былі ўскладзены гірлянды Славы да памятнага знака 12 воінскім злучэнням, якія вызвалялі райцэнтр, і мемарыяла «Неўміручасць», працавалі выставы, прысвечаныя памяці чырвонаармейцаў. Таксама на цэнтральнай плошчы сабраліся навучэнцы — удзельнікі акцыі «Мы перамаглі!», якія трымалі ў руках партрэты дзядоў і прадзедаў, што змагаліся з гітлераўцамі. На святочных мерапрыемствах прысутнічаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
— Сотні воінскіх пахаванняў, помнікаў і абеліскаў нагадваюць нам пра цану, якую заплацілі вызваліцелі Гарадоччыны за тое, каб сёння на ёй маглі мірна працаваць людзі, вырошчваць хлеб і выхоўваць дзяцей, — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. — Наш святы абавязак — захоўваць памяць пра іх, перадаваць яе наступным пакаленням.
Акрамя таго, кіраўнік аблсавета ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці народнага музея баявой Славы ў СШ №1. Сёлета выставачныя плошчы музея, які дзейнічаў ва ўстанове адукацыі з 1983 года, а ў 2001-м атрымаў званне народнага, былі значна пашыраны. Аснову экспазіцыі складаюць матэрыялы пра раён у гады акупацыі, яго вызваленне, подзвігі землякоў падчас вайны.