Абноўлены рэсурсны цэнтр адкрыўся ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы

Обновленный ресурсный центр открылся в Городокском аграрно-техническом колледже

Практыка пры падрыхтоўцы спецыялістаў аграрнага профілю павінна займаць у адукацыйным працэсе асноўны час. Такое меркаванне выказаў на цырымоніі адкрыцця абноўленага рэсурснага цэнтра Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.


"Практыка павінна займаць асноўны час. Без гэтага мы не атрымаем гатовага да працы спецыяліста, таму паслядоўна ўжо на наступны год будзем вырашаць пытанне, каб падвоіць вясной і восенню практыку", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.

Па яго словах, вучэбны план ужо зменены ў бок павелічэння часу, адведзенага на практыку. На базе Гарадоцкага аграрнага каледжа сфарміравана адпаведная матэрыяльная база, якая дазваляе навучэнцам атрымліваць прафесійныя веды без адрыву ад вытворчасці. У планах на будучае папоўніць лінейку тэхнікі рэсурснага цэнтра машынамі сусветных вытворцаў. "Яны павінны прысутнічаць у машынным парку цэнтра. Знаёмства з усімі ўзорамі дазволіць навучэнцам пашырыць кругагляд і ацаніць дастатковасць і недахопы ўсіх машын", - перакананы кіраўнік вобласці.

Старшыня аблвыканкама акцэнтаваў увагу на захаванні ўзятага ў мінулым годзе падыходу да праходжання практыкі навучэнцамі аграрнага профілю толькі ў лепшых сельгасарганізацыях, аснашчаных сучаснай тэхнікай. "Падыход ранейшы, гэта абавязковае патрабаванне. Думаю, яшчэ пару гадоў і гаспадарак, якія не адпавядаюць гэтай планцы, у рэгіёне не застанецца. У вобласці будзе абсалютна сучасная сельская гаспадарка", - падкрэсліў губернатар.





Дырэктар Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзімір Шыцько дадаў, што суадносіны тэарэтычных і практычных заняткаў навучальнай установы складае 60% на 40%. "Трэба і далей ісці ў гэтым напрамку. Задача аб праходжанні навучэнцамі старэйшых курсаў практыкі неменш за шэсць месяцаў у самы разгар сельскагаспадарчых работ цалкам выканальная. Наш калектыў у будучым годзе сумесна з рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі гатовы правесці эксперымент па арганізацыі такой практыкі", - сказаў кіраўнік каледжа.

Рэсурсны цэнтр на базе Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа функцыянуе з 2004 года. Сёння адбылося яго ўрачыстае адкрыццё пасля глыбокага абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы. Садзейнічанне ў аснашчэнні цэнтра на бязвыплатнай аснове аказалі практычна ўсе беларускія вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі, якія вылучылі свае найноўшыя ўзоры машын і абсталявання на агульную суму Br700 тыс. Больш Br200 тыс. на набыццё дыягнастычнага абсталявання накіраваў Віцебскі аблвыканкам.

БЕЛТА.