Абноўлены Ушацкі музей народнай славы плануюць адкрыць у маі 2020 года

Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Лабанка плануюць адкрыць пасля рэканструкцыі ў маі 2020 года. Аб гэтым паведаміў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Тэрэнцьеў на пасяджэнні абласнога аргкамітэта па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі.

Капітальны рамонт з мадэрнізацыяй музея ідзе з 2018 года. У бягучым годзе на неабходныя работы выдзелена Br300 тыс. "Ужо ўмацаваны падмурак, адрамантаваны дах, заменены дзверы і вокны. Зараз праводзяцца добраўпарадкаванне інжынерных сетак фонду сховішча, кіназалы, выставачнай залы і аздабленчыя работы ў гэтых памяшканнях. Працягваецца замена сістэмы ацяплення і сетак электразабеспячэння", - распавяла старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч. 

Каб паспець адкрыць абноўлены музей у 2020 годзе, неабходна яшчэ Br385 тыс. на будаўнічыя работы і Br50 тыс. на аднаўленне унікальнага роспісу мастака-манументаліста Уладзіміра Крываблоцкага. Аўтар гатовы дапамагчы ў гэтым. 

Кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці Уладзімір Тэрэнцьеў дадаў, што пры фарміраванні абласнога бюджэту на наступны год дадзены фактар будзе ўлічаны. Ён выказаў упэўненасць, што музей цалкам увядуць у эксплуатацыю ў маі 2020 года. У цяперашні час актыўна ідзе рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу "Рыленкі" ў Дубровенскім раёне. Завяршыць асноўную частку работ плануюць да 25 чэрвеня бягучага года.

БЕЛТА. Фота Ушацкага райвыканкама.