Абольскі керамічны завод запусціць у I квартале кагенерацыйную ўстаноўку
6 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. КПУП "Абольскі керамічны завод" плануе запусціць у першым квартале 2011 года новую кагенерацыйную ўстаноўку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Мікратурбінная ўстаноўка вытворчасці ЗША і магутнасцю 1 МВт ужо ўстаноўлена на пляцоўцы каля цэха №2. На яе набыццё завод накіраваў у 2010 годзе больш за Br3 млрд. На завяршэнне праекта, падключэнне і пусканаладачныя работы неабходна яшчэ Br1,5 млрд. інвестыцый.
Запуск устаноўкі намечаны на канец першага квартала. Яе эксплуатацыя дазволіць прадпрыемству самастойна забяспечваць сябе на 85% электраэнергіяй, што складзе 8,5 млн. кВт у год. Астатнюю частку, або 2,5 млн. кВт у год, прадпрыемства будзе закупляць.
Чаканы эканамічны эфект ад рэалізацыі праекта плануецца на ўзроўні 1,2 тыс. тут у год. Тэрмін акупнасці - каля чатырох гадоў.
У цяперашні час завод завяршае падрыхтоўку да рэалізацыі праекта па выпуску паравізаваных керамічных блокаў з аб'ёмам вытворчасці 90 млн. штук умоўнай цэглы ў год. З пачаткам работ па праекце плануецца набыць яшчэ адну аналагічную кагенерацыйную ўстаноўку, што дазволіць прадпрыемству ў поўным аб'ёме забяспечваць сябе неабходнай электраэнергіяй.
За 2010 год завод вырабіў 51,2 млн. штук умоўнай цэглы, або 121,6% да ўзроўню 2009 года. Рэалізавана за гэты перыяд 48,8 млн. штук умоўнай цэглы, або 119,6% адпаведна.
Абольскі керамічны завод заснаваны ў 1929 годзе. Цяпер гэта найбуйнейшае прадпрыемства ў Беларусі па вытворчасці цэглы і керамічных вырабаў, выпускае клінкерную і керамічную цэглу, тратуарную плітку і вырабы мастацкай керамікі. У 2007 годзе на заводзе ўкаранёна сістэма менеджменту якасці прадукцыі ІСА 2001. -0-