Адукацыйна-развіваючы цэнтр для адораных дзяцей з'явіцца ў Віцебскай вобласці ў 2018 годзе

Летам у Віцебскай вобласці запрацуе адукацыйна-развіваючы цэнтр для адораных дзяцей. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня назіральнага савета Саюза медыцынскіх, фармацэўтычных і навукова-адукацыйных арганізацый "Медыцына і фармацэўтыка - інавацыйныя праекты" Аляксей Сычоў.

Аляксей Сычоў сёння прыняў удзел у стартавых мерапрыемствах новай рэгіянальнай праграмы па падтрымцы юных вучоных і спартсменаў Віцебскай вобласці "Таленавiта". Праграма будзе рэалізоўвацца па некалькіх напрамках. Адзін з іх - стварэнне ў рэгіёне цэнтра па рабоце з таленавітымі дзецьмі. "Мы хочам яго адкрыць на базе аднаго з летніх аздараўленчых лагераў. Туды па зменах будуць сцякацца юныя таленты з усіх гарадоў і раёнаў вобласці. З імі стануць працаваць прадстаўнікі бізнесу і навукі. Дзеці будуць непасрэдна ўцягнуты ў распрацоўку цікавых ідэй", - сказаў Аляксей Сычоў.

Па яго словах, гэты летні адукацыйна-развіваючы цэнтр для адораных дзяцей пачне сваю працу ўжо ў 2018 годзе. У цэнтры будуць збірацца дзеці, якія праявілі талент у хіміі, біялогіі, матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы, замежных мовах, спорце і інш. Для школьнікаў плануецца праводзіць заняткі па спецыяльнасці, майстар-класы, сустрэчы з прафесіяналамі.

Арганізатары абяцаюць паклапаціцца аб развіваючым вольным часе і комплексе аздараўленчых працэдур. Для ўдзельнікаў праграма будзе бясплатнай. Яшчэ адзін напрамак рэалізацыі праекта "Таленавiта" - выдзяленне грантаў за дасягненні ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук, спорце (у перспектыве плануецца аказваць падтрымку і талентам у сферы мастацтва). Грашовыя прэміі атрымаюць навучэнцы 8-11 класаў, якія сталі пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, спартсмены-прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы, пераможцы міжнародных конкурсаў у мастацтве.

Акрамя гэтага прадугледжана заахвочванне пераможцаў конкурсу навуковых праектаў сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (арганізаванага ўпраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама). "Таленавiта" арганізуе і свой унутраны конкурс

навукова-даследчых праектаў па прыродазнаўчых і дакладных навуках. Яго удзельнікамі могуць стаць навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Віцебскай вобласці. Праекты на конкурс будуць прымаць са студзеня па верасень 2018 года. Неабходная ўмова - прыкладны характар. Аўтары лепшых работ атрымаюць грашовыя прэміі. Перспектыўныя ідэі могуць атрымаць садзейнічанне ў распрацоўцы бізнес-плана і фінансаванні стартапа.

Праграма "Таленавiта" фінансуецца Саюзам "Медыцына і фармацэўтыка - інавацыйныя праекты" і кампаніяй "Ніцівіта". Рэалізуецца праект пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. "Падтрымка таленавітай моладзі павінна ісці не толькі з боку дзяржавы, але і з боку бізнесу. Многія прадпрыемствы зацікаўлены ў маладых таленавітых кадрах, бізнесу патрэбны свежыя ідэі. "Таленавiта" - праграма бестэрміновая. Мы зацікаўлены ў яе развіцці, і адкрыты для іншых партнёраў, якія захочуць аказаць падтрымку таленавітай моладзі", - рэзюмаваў Аляксей Сычоў. Сёння ў Віцебску прайшло першае пасяджэнне экспертнага савета праграмы, адбылася сустрэча са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым. У ліку экспертаў праграмы вядомыя спартсмены Вадзім Дзевятоўскі, Уладзіслаў Ганчароў, Вадзім Стральцоў, Арвідас Сабаніс (Літва). Навуковую сферу ў экспертным савеце прадставяць рэктары і вучоныя ВНУ. Сярод спецыяльных гасцей, якія прыехалі ў Віцебск падтрымаць праект, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін і намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной. Члены экспертнага савета наведалі агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы і спартыўныя школы, адбылася сустрэча з прызёрамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд (вучнямі 8-11 класаў), навучэнцамі, якія дамагліся добрых вынікаў у спорце, лепшымі студэнтамі, настаўнікамі і выкладчыкамі. Мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу "Старт да поспеху" у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. 

БЕЛТА.