Адукацыйны экалагічны праект рэалізуюць Віцебск і Смаленск

Калі вам ад 15 да 25 гадоў, вы вывучаеце нямецкую мову, і вас хвалюе, якой будзе прырода праз пэўную колькасць гадоў, то гэтая інфармацыя для вас.

У абласной бібліятэцы дадзены старт міжнароднаму адукацыйнаму праекту «Смаленска-Віцебскі трансфер: экалагічныя канцэпцыі гарадоў-пабрацімаў».

Арганізатары праекту – Віцебская абласная бібліятэка імя У. Леніна і Смаленская абласная універсальная навуковая бібліятэка імя А. Твардоўскага. Рэалізуецца ён з 3 кастрычніка па 14 снежня пры падтрымцы Нямецкага культурнага цэнтра імя Гётэ.

Як паведаміла каардынатар у Віцебску Таццяна Міхальчанка, у рамках праекту пройдуць конкурс відэаролікаў «Зробім зямлю чысцей!», віртуальная віктарына «Экалогія без межаў», прэзентацыя фотавыставы, круглы стол і іншыя мерапрыемствы. Падрабязнасці можна даведацца ў нямецкай чытальнай зале абласной бібліятэкі і на сайце ўстановы.

"Віцебскія весці".