Адукацыйны праект па павышэнні стрэсаўстойлівасці моладзі распрацоўваецца ў Віцебскай вобласці
24 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пілотны адукацыйны праект па павышэнні стрэсаўстойлівасці моладзі распрацоўваецца ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла галоўны ўрач абласнога псіханеўралагічнага дыспансера Алена Мартынава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер у прафілактыцы наркатычнай залежнасці асноўны ўпор робіцца на работу з моладзевай аўдыторыяй. Пры гэтым неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці: калі ў людзей старэйшага ўзросту стаўленне да здароўя зберагальнае, то ў падлеткаў - эксперыментатарскае, у іх яшчэ няма страху наступстваў. У сувязі з гэтым галоўны акцэнт у рабоце з падлеткамі неабходна рабіць на навучанне адаптыўным паводзінам, уменню супрацьстаяць стрэсу, правільна рэагаваць на розныя сітуацыі, не звяртаючыся да наркатычных ці псіхатропных рэчываў, падкрэсліла Алена Мартынава.
З гэтай мэтай спецыялісты абласнога псіханеўралагічнага дыспансера сумесна з прадстаўнікамі Віцебскага ўніверсітэта імя П.Машэрава і медыцынскага ўніверсітэта распрацоўваюць адукацыйны праект, які плануецца рэалізаваць на некалькіх эксперыментальных пляцоўках у школах Віцебска, а ў далейшым, магчыма, распаўсюдзіць па ўсёй вобласці.
Асноўнай мэтай праекта з'яўляецца навучанне моладзі навыкам псіхалагічнага супраціву ўцягванню ў наркаспажыванне, каб падлеткі, атрымаўшы адпаведную прапанову, умелі ад яе адмовіцца, падкрэсліла Алена Мартынава. Праект уяўляе сабой серыю метадычных семінараў, трэнінгаў, ролевых гульняў, разлічаных на падлеткаў, а таксама на выкладчыкаў і школьных псіхолагаў, якія ў далейшым будуць працаваць з моладдзю.
Паводле даных на студзень 2011 года, на ўзроставую катэгорыю да 35 гадоў прыпадае звыш 80% ад агульнай колькасці наркаспажыўцоў, якія стаяць на ўліку, у Віцебскай вобласці. Пры гэтым на долю непаўналетніх (да 18 гадоў) прыпадае каля 18% ад агульнай колькасці тых, хто стаіць на ўліку. Доля асоб ва ўзросце 19-25 гадоў набліжаецца да 30%, а наркаспажыўцы ва ўзросце 26-35 гадоў складаюць амаль 34%. Сёння ў вобласці ад агульнай колькасці спажыўцоў наркатычных рэчываў, якія стаяць на ўліку, на долю навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў прыпадае 6,9%, за апошнія тры гады іх колькасць знізілася на 2,4 працэнтных пункта. Доля навучэнцаў ПТВ сярод наркаспажыўцоў складае 2,7% і знізілася ў параўнанні з 2008 годам на 0,2 працэнтных пункта. Доля студэнтаў тэхнікумаў і ВНУ вырасла ў параўнанні з 2009 годам да 2% і 2,1% адпаведна. Усяго на ўліку наркалогаў у вобласці стаяць больш за 1,2 тыс. чалавек, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы.-0-