Грамадскія інспектары і школьнікі Віцебскай вобласці вырашаць жыллёвую праблему пернатых у Дзень птушак
29 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Грамадскія інспектары аховы прыроды і школьнікі вырашаць жыллёвую праблему пернатых у Віцебскай вобласці ў Міжнародны дзень птушак 1 красавіка, расказала карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна.
Па традыцыі ў гэты птушыны дзень пройдзе нямала экалагічных акцый, галоўнай падзеяй якіх стане развяшэнне сінічнікаў, шпакоўняў, якія школьнікі вырабілі пад кіраўніцтвам дарослых, у парках, скверах, лясных зонах. Напрыклад, у Шаркаўшчынскім раёне архітэктурныя шэдэўры для спеўных птушак будуе грамадскі інспектар аховы прыроды Валерый Кавалёнак. Яго шпакоўню, хутчэй, можна назваць палацам, яе ўпрыгожваюць вежачкі, разьбяныя праёмы. А вырабляе іх прыродалюбец са сподкавых матэрыялаў. У ход ідуць нават вядры і бочачкі, якія аджылі свой век.
А вось грамадскі інспектар, адзін з самых вядомых арнітолагаў у СНД, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.Машэрава Уладзімір Іваноўскі на працягу ўсяго года праводзіць майстар-класы па будаўніцтве штучных гнёздаў не толькі са школьнікамі, але і з усімі ахвотнымі. Яго гнёзды прызначаны для драпежных птушак, для таго, каб пустальга або аромка пасяліліся ў сваім доме, яго трэба не толькі правільна пабудаваць, але і ўсталяваць у патрэбным месцы. Усяму гэтаму і навучае Уладзімір Іваноўскі неабыякавых да прыроды. Міжнародны дзень птушак ён збіраецца сустрэць на балоце Ельня (Міёрскі раён), дзе будзе развяшваць штучныя гнёзды для драпежных птушак.
Варта сказаць, што штучныя гнёзды для птушак, напрыклад, для белых буслоў, людзі будавалі здаўна. У сярэдзіне ХХ стагоддзя з-за шырокага прымянення хімічных рэчываў у сельскай гаспадарцы ўзнікла неабходнасць будаваць штучныя гнёзды для рэдкіх відаў птушак.
Міжнародны дзень птушак адзначаецца ў гонар падпісання 1 красавіка 1906 года Міжнароднай канвенцыі па ахове птушак.-0-